ТОП просматриваемых книг сайта:
Надбярэзінцы. Фларыян Чарнышэвіч
Читать онлайн.Название Надбярэзінцы
Год выпуска 1942
isbn 978-985-7165-14-8
Автор произведения Фларыян Чарнышэвіч
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– Так, мы пакорнейшэ вас просім, – змяніў тон і Балашэвіч. – Будзьце ласкавы, прыміце майго хлопца. Я ручаюся, не пашкадуеце.
– Так, не пашкадуеце, – пацвердзіў Садоўскі. – Яны багатыя хутаране. Прывязуць для вашага каня цэлы воз маладой канюшыны, пару мяхоў аўса, мех грачанай мукі – першы гатунак, на бліны вам. Колькі кумпякоў вэнджаных прывязуць, масла з пуд – з дваццаццю дойнымі кароўкамі ніякіх стратаў іхнай гаспадарцы гэта не прынясе. Мёду таксама з пуд, бо на пасецы дваццаць пяць толькі старых раёў маюць, час ад часу могуць і рыбкі свежай падкінуць, а яшчэ шкуру воўчую, пад ногі паслаць пры ложку, каб, прачнуўшыся, на голую падлогу не ступаць, – шчодра пералічваў ён цудоўныя падарункі, аж пакуль кум не запярэчыў, крыва зірнуўшы ў ягоны бок.
Твар Міхаіла Іванавіча паяснеў.
– Ну, калі ўжо так настойваеце, прыму. Але каб на наступны год запісваліся трохі раней.
Яны падалі неабходныя для запісу звесткі пра хлопца, уручылі дзесяць рублёў задатку і развіталіся.
V. Заўзяты педагог
Наступнага ранку Стах прыйшоў у школу сам. Ішоў сумны, прыгнечаны, напалоханы. Упершыню ў жыцці ён застаўся адзін, без сям’і. Сэрцайка сціскалася ад тугі па доме і страху перад мужыкамі.
Хоць Садоўскія і запэўнілі, што настаўнік нікому не дазволіць яго крыўдзіць, Стах ім не надта паверыў.
У сенцах яго ахапіла яшчэ мацнейшая трывога. З-за дзвярэй класа былі чуваць піск, стук, смех, пранізлівыя крыкі, і хлопчык пачуў у гэтым водгук таго памятнага галасу падчас нападзення Нітаў на Рагі. Яму здавалася, што калі ён увойдзе, усе кінуцца на яго і пачнуць лупіць. Стах спыніўся перад дзвярыма, дачакаўся, пакуль з падворку прыйдуць яшчэ два вучні, і толькі за імі зайшоў.
Клас аж дыміўся ад рою разгарачанай дзятвы, якая барукалася, выкідвала каленцы, насілася па лаўках і гула.
Стах уціснуўся ў сцяну ля дзвярэй і спалохана пазіраў на ўсё гэта. Спачатку на яго ніхто не звярнуў увагі, але неўзабаве новага прыбыша ўбачылі і абступілі.
– Гэй, а ты хто такі, жыд ці лях? – запытаў хлапец гадоў чатырнаццаці з кірпатым носам на забіяцкім твары.
– Ды жыд гэта, – заўважыў другі. – Морды бледнай не бачыў ці што.
– Морда бледная, а боты шляхецкія, – улез трэці.
– Кажы, хто такі! – загадаў кірпаты.
Стах яшчэ мацней прыціснуўся да сцяны, злякана пазіраў на нахабаў і маўчаў.
– Я – намеснік настаўніка, ты мне мусіш адказваць, – паведаміў самы нахабны.
– Так-так, ён намеснік, – пацвердзілі ўсе прысутныя.
– Ад сцяны адліпні, – пацягнулі яго за руку. – Як зваць?
– Стась, – выціснуў хлопчык.
Пасыпаліся смяшкі і фантазіі на тэму мянушак:
– Стась! Плясь! Мазь! Гразь! Злазь!
– Ціха мне! – абсек «намеснік». – Што ў цябе тут? – паказаў ён на другі зверху гузік Стахавага палітона.
Стах зірнуў уніз, а кірпаты ў гэты час таргануў яго за нос так, што з вачэй іскры пасыпаліся. Не паспеў хлопчык нават ускрыкнуць,