ТОП просматриваемых книг сайта:
Надбярэзінцы. Фларыян Чарнышэвіч
Читать онлайн.Название Надбярэзінцы
Год выпуска 1942
isbn 978-985-7165-14-8
Автор произведения Фларыян Чарнышэвіч
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Увосень 1911 года, калі настаўнікам у ванчанскай школе быў Міхаіл Іванавіч Грывень, Балашэвічы аддалі туды Стаха. Спачатку, пасля таго разбойніцкага нападу на Рагі, не думалі гэта рабіць, бо планавалі сабраць ураджай ды з Рагоў з’ехаць, але калі параненыя ў той бойцы як з аднаго, так і з другога боку пачалі ачуньваць, а нітаўцы, на абаранкі зарабіўшы, прыціхлі, вырашылі яшчэ на год застацца, а Стаха, каб не марнаваў часу, аддаць у Вончу. Да яе было дзевяць вёрст. Маці вельмі гэтаму працівілася, паўтараючы, што простыя людзі з навукі хлеба не ядуць, а Стах, дазнаўшыся, што ў той школе адны мужыкі, спрабаваў нават плакаць, але ніякіх выгодаў яму гэта не прынесла, і кандыдат, прыгожа ўбраны ў новы крамны гарнітур, боты, палітончык і новую шапку, панядзелкавай раніцай у канцы верасня прыехаў з бацькам на каламажцы з запрэжаным у яе Сіўкам у Вончу. Яны заехалі спачатку да стальмаха, пана Садоўскага, што жыў на вузкай вулачцы па-над рэчкай. Садоўскі быў кумам Балашэвіча.
Бяздзетныя Садоўскія хлопчыку шчыра ўзрадаваліся.
– Усё ж такі наважыліся? – запытаў Садоўскі. – Калі б не прывезлі, зрабілі б вялікае глупства: усе кажуць, што такога добрага настаўніка, які цяпер у Вончы, ва ўсёй акрузе няма. Не бойцеся, кепска ў нас хлопцу не будзе. Паглядзіце, да Калядаў во такі мардаты будзе, – расцягнуў ён пальцамі шчокі. – А ў вас там як? Уладзь ужо ходзіць, не кульгае?
– Ходзіць-ходзіць. А Бронік, дзякуй Богу, перастаў крывёй плявацца.
Запісу трэба было чакаць да вечара – менавіта тады ў школе ўжо некалькі тыдняў праходзілі ўрокі, а Садоўскі ведаў, што пан настаўнік падчас лекцыі новых вучняў не запісвае.
Пасля пятай гадзіны яны пайшлі ў школу ўтраіх з Садоўскім.
Міхаіл Іванавіч Грывень прыняў іх за сталом у сваім пакоі, праглядаючы сшыткі. Гэта быў шатэн сярэдняга росту гадоў дваццаці пяці. На ім былі шаўровыя боты з бліскучымі халявамі, цёмна-сінія нагавіцы, цёмная кашуля і блакітны рускі пояс з кутасамі. Валасы каротка стрыжаныя вожыкам, твар акуратна паголены, пульхныя рукі.
– Здраствуйце, гаспадзін учыцель, – павіталіся яны так, як навучыў Садоўскі – чалавек местачковы, ён ведаў расійскія тытулы і звычаі.
– Здравствуйте, – адказаў настаўнік, падпісаў правераны сшытак і падняў вочы на гасцей. – Што, вучань? Чаму так позна? Урокі ўжо два тыдні ідуць.
– Не хацелі мы хлопца голым у людзі выводзіць, а пакуль справілі яму ўсё, што належыць, час прайшоў. Дый не ведалі мы, што навука так рана мае пачацца, – патлумачыў Балашэвіч, спрабуючы як найлепей па-расійску казаць.
– А вы не з мястэчка? – угледзеўся ў іх апратку настаўнік.
– Не, з хутару, адсюль далёка.
– Ага. А колькі ж яму гадоў? – дапытліва зірнуў ён на Стаха.
– Толькі-толькі дзесяць споўнілася.
Стах не вытрымаў і шмыгануў за бацьку.
– Ну вот, такі сільны хлопец, а за бацькам хаваецца. Хадзі сюды.
Балашэвіч за