Скачать книгу

Навошта працуе тут да позняй ночы, прыходзіць у офіс прыгожа апранутая, падфарбаваная і пакідае шлейф дарагой парфумы? Іх адносіны з Ігарам па-ранейшаму заставаліся афіцыйнымі. А вось у яго сакратаркі, падобна, усё зусім наадварот. Дзверы кабінета пакінулі адчыненымі, і да Валерыі даносіліся абрыўкі фраз, з якіх яна зразумела, што ўчора была карпаратыўная гулянка, дзе прысутнічалі сакратарка Вольга, Канстанцін, яшчэ пара чалавек і… Ігар, якога Вольга «гатова была прыдушыць, калі а палове шостай зазвінеў будзільнік». Раптам Канстанцін з Вольгай вырашылі схадзіць перакусіць, пра што яны паведамілі Леры. Тая толькі паціснула плячыма. Дзіўныя: у працоўны час, у адсутнасць шэфа, прычым пакідаюць яе адну на два кабінеты, адзін з якіх дырэктарскі. Гэта ж які трэба мець давер, альбо не мець страху?

      Ігар Андрэевіч вярнуўся раней і, відаць, незадаволены.

      – Дзе Пятровіч? – рэзка запытаў ён Валерыю.

      – На абедзе.

      – На якім абедзе? Вольга дзе?

      – Таксама на абедзе.

      – Які абед? Што за самавольшчына?

      – Ігар, ужо дзве гадзіны, па-першае. Па-другое, я тут, лічы, чалавек пабочны, да мяне якія прэтэнзіі? – не вытрымала дзяўчына.

      – Прабачце, што там у вас, давайце пагляджу, – убачыўшы, што дзяўчына трымае ў руках паперы, прапанаваў дырэктар.

      Лера паклала на стол артыкул. Шэф здзіўлена паглядзеў і пачаў чытаць, пасля чаго проста падняўся з крэсла і паціснуў ёй руку. Праўда, потым параіў дадаць трохі статыстыкі і змякчыць пару фраз, каб не крыўдзіць канкурэнтаў. Дзяўчына згадзілася, але, набраўшыся смеласці, запытала:

      – А як наконт арганізацыйнага боку?

      – Ты маеш на ўвазе грошы?

      «А вось і першае «ты» на працы», – адзначыла для сябе Валерыя, але чамусьці з нейкім расчараваннем.

      – Так, салаўя байкамі не кормяць.

      – Заплацім. Дамову падпішам, – уткнуўшыся ў свае паперы, прамямліў шэф.

      – Калі? – не спынялася дзяўчына.

      – Валерыя, гэта не мае значэння. Пятага атрымаеш аванс. Слова дырэктара.

      Дзяўчына чула гэтае «слова» не ў першы раз, але зноў паверыла і села за камп’ютар. Быццам нейкія сілы прымушалі яе працаваць па дамоўленасці. Раз-пораз Лера адчувала на сабе пільны позірк, які кідаў шэф, пераглядаючы свае дакументы з Дэпартамента.

      – Усё, – дзяўчына павярнулася да дырэктара і зняла акуляры.

      Той, наадварот, насунуў свае на нос і падышоў да камп’ютара:

      – Давайце пагляджу.

      Ён стаў за спінай Леры і так нахіліўся, што рукамі датыкаўся да яе плячэй, а падбародкам кранаў валасы, на гэты раз проста сцягнутыя заколкай.

      Валерыі стала не зусім зручна сядзець, хацелася расправіць плечы, але такім чынам яна яшчэ больш адчувала б дотыкі Ігара. Дзяўчына не рашылася гэтага зрабіць, і толькі калі той вярнуўся за свой стол, уздыхнула з палёгкай. Дырэктар ухваліў перапрацаваны варыянт і папрасіў вывесці яго на паперу.

      – Ваш матэрыял я аддам у «Дзелавую газету». Ім будзе гэта

Скачать книгу