ТОП просматриваемых книг сайта:
Ева ў пошуках Адама (зборнік). Коллектив авторов
Читать онлайн.Название Ева ў пошуках Адама (зборнік)
Год выпуска 2016
isbn 978-985-02-1690-8
Автор произведения Коллектив авторов
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Вера. Надзея. Любоў
Издательство Электронная книгарня
На такiя крутыя змены ў жыццi Нюркi вясковыя бабы аж пазелянелi ад злосцi i зайздрасцi. А тут яшчэ Грышка-прымак неяк непрыкметна, але даволi хутка прыбраў-паднавiў старэнькую Нюрчыну сядзiбу, якая дасталася ёй ад памерлых бацькоў, чым яшчэ больш паддаў жару яе сяброўкам – такiм сама, як яна нядаўна, адзiнокiм гаротнiцам. Тыя пачалi пад любымi зачэпкамi зазываць мужыка да сябе: адной – клямку падбiць на дзвярах, другой – вядро з дна калодзежу дастаць, трэцяй – дах падрамантаваць. Кожная старалася аддзячыць Грышку за работу. А чым? Дык звычайна ж – шклянкай самагонкi. А яе тут мясцовыя ўмельцы гналi з жыта, бульбы, буракоў, садавiны-паданкi – хто з чаго прымудраўся. Гарэлка ў вёсках (ведама ж) была замест грошай.
Асаблiва ўвiхалася каля мужыка найблiжэйшая Нюрчына сяброўка – Сонька, якую па-вулiчнаму (за вочы) звалi Мейта. У яе больш за ўсiх на двары знаходзiлася спраў да Грышкi. Той не адмаўляўся ад працы, а часам i… ад шклянкі. Але колькi яму, бедалагу малому, патрэбна было тых шклянак? Грышка стаў спiвацца проста на вачах. У хаце пачалiся сваркi. Падчас iх Нюрка абзывала Грышку па-ўсякаму, гразiлася выгнаць прымака з селiшча.
– Валацуга! Кiчка непатрэбная, заваляшчая. Прыблуда ты базарная, адкуль толькi накараскаўся на маю галаву?! Ыч, падабрала, адмачыла, адскрэбла, дык цяперака i ён iндык-певень – хвост распушыў. Баб яму падавай, гарэлку?! Кавалер знайшоўся. А каб ты смалы гарачай напiўся, навалока! А каб у цябе скулле выскачыла на гарлянцы! А каб ты выпруцiўся! Вось як шугану, дык кулём паляцiш з селiшча! П’янюга несусветны!
– А ты будзеш па мне галасiць, калi я выпручуся? – спытаў неяк Грышка Нюрку.
– Дулю табе з макам, а не майго галасу, – аж падскочыла тая.
Так яны пражылi яшчэ трохi часу. Бабы, як згаварыўшыся, перахоплiвалi Грышку ўжо нават на цэнтральнай сядзiбе калгаса, што знаходзiлася за тры кiламетры ад iхняй вёскi. Пасля стрэч з «заказчыцамi» Грышка ледзь прыцягваўся да Нюрчынай хаты. Тая на чым свет кляла-праклiнала сваю долю, мужыка-п’яніцу, баб-суседак, з якiмi злыгаўся яе чалавек i якога яны, «вужакi падкалодныя», сурочылi-спаiлi…
Кожны раз Грышка на праклёны жонкi слаба адбрэхваўся i абяцаў больш не пiць. Да Нюркi ён прыкiпеў, ды i назад у брудную халодную кануру на базары ўжо не хацеў вяртацца: пры цёплым Нюрчыным баку яму было набагата лепш. Але дзе ж ты ўтрымаешся ад спакусы перакулiць чарку-другую, паднесеную ледзь не сiлком той жа ўсюдыiснай Мейтай? Нюрка перасварылася з усiмi бабамi, якiх падазравала ў спойваннi свайго Грышкi. А з найлепшай колiсь сяброўкай Сонькай-Мейтай, нават пабiлася.
Неяк Грышка не прыйшоў зусiм начаваць, дамаглася-такi Мейта свайго: упаiла да бяспамяцтва мужыка i проста абвалiла яго на ўслон, на якiм той, небарака, сядзеў-гасцяваў. Нюрка, якой бабы-суседкi данеслi гэтую навiну, такога вераломства сцярпець ужо не змагла: рана-раненька, перад тым як бегчы на ферму, яна выставiла на ганак старэнькi, аблезлы Грышкаў чамаданчык