ТОП просматриваемых книг сайта:
Мясцовы час. Алесь Аркуш
Читать онлайн.Название Мясцовы час
Год выпуска 2014
isbn 978-83-62069-95-8
Автор произведения Алесь Аркуш
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
На вокладцы было напісана ўжо добра знаёмым мне воюшаўскім почыркам: «Сяржук Сокалаў-Воюш. Раніца Рэспублікі. Міні-п’еса». Нядаўна Воюш пачаў працаваць загадчыкам літаратурнай часткі Віцебскага драматычнага тэатру, таму і захапіўся драматургіяй.
– Дзякуй! То з гэтага твору і пачнем першы нумар «Ксэракса Беларускага».
– Як-як? – перапытаў Воюш. Яго відавочна зацікавілі апошнія мае словы.
– Вырашыў назваць альманах «Ксэракс Беларускі». Ну, па аналёгіі з кніжкамі Багушэвіча «Дудка беларуская» ды «Смык беларускі». А слова «ксэракс» – як сымбаль падпольнага выданьня. Альманах жа будзе падпольны.
Воюш засьмяяўся і выцягнуў правую руку з узьнятым вялікім пальцам.
– Кляс! Так бы мовіць, пераемнасьць з папярэднікамі! У рэчышчы беларускай традыцыі!
Вельмі апэратыўна адгукнуліся на мае просьбы даць свае тэксты ў новы літаратурны альманах Уладзімер Арлоў і Вінцэсь Мудроў. Арлоў прапанаваў сваё найноўшае эсэ «"Совершенно секретно" або Адзін у трох іпастасях», якое затым шырока друкавалася ў беларускім пэрыядычным друку. Але ўпершыню яно было надрукавана менавіта ў «Ксэраксе». Эсэ было прысьвечана прафэсару-гісторыку Абэцэдарскаму, які лічыўся адным з асноўных фальшавальнікаў беларускай гісторыі.
Мудроў прапанаваў апавяданьне «Час камара». Прыканцы 80-х Вінцэсь быў акрылены першымі сур’ёзнымі публікацыямі. Зьявіліся спадзяваньні на кнігу. Дарэчы, гэтае апавяданьне затым і трапіла ў ягоны першы зборнік «Жанчыны ля басейну», які выйшаў у 1992 годзе ў дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура».
Свае вершы далі Лявон Баршчэўскі і Валянціна Аксак. Гэта былі практычна дэбюты. Валянціна Аксак толькі нядаўна на паседжаньні «Крыніцаў» прызналася, што піша вершы, і «Ксэракс» падтрымаў талент. А Лявон Баршчэўскі, які неўзабаве стане дэпутатам Вярхоўнага Савета і возьме ўдзел у абвяшчэньні незалежнасьці Беларусі, быў вядомы выключна як перакладчык, і сваіх уласных твораў нідзе не друкаваў.
Па аналёгіі з «тутэйшаўскім» альманахам «Літаратура», які ў першым нумары зьмясьціў тэксты рок-гурта «Мроя», у першы «Ксэракс» я ўключыў тэксты «Мясцовага часу» зь іх дэбютнага беларускамоўнага альбому «Слота».
Ну і, натуральна, у першым нумары «Ксэракса» знайшлося месца і для маіх новых вершаў.
Тацяна выйграла на працы талён на пакупку тэлевізара «Гарызонт». Дапамагчы з набыцьцём дэфіцытнага апарату вызваўся Сяржук Сокалаў-Воюш. Як вялікі знаўца тэлерадыётэхнікі, Сяржук старанна выбіраў тэлебачар – нехта з маладых пурыстаў з кампаніі Воюша прапанаваў такім словам называць тэлевізар. Сяржук круціў ручкі, задаваў гандляркам прыкольныя пытаньні, хахміў і жартаваў.
Затым мы пагрузілі тэлевізар на дзіцячыя саначкі і пакацілі набытак ад крамы «Арбіта» да нашага з Тацянай інтэрната. Цэлы вечар