Скачать книгу

Ёсьць тут у нас для цябе праца. Неўзабаве пазнаёмлю з хлопцамі. Добра граюць. Але яшчэ б лепш зайгралі, калі пачалі б сьпяваць па-беларуску.

* * *

      Памяшканьне наваполацкай гарадзкой газэты «Хімік» знаходзілася ў адным будынку з наваполацкай друкарняй. Для журналістаў гэта было вельмі зручна, асабліва для адказнага сакратара, які два разы на тыдзень рабіў макет новага нумару і здаваў у набор матэрыялы. Трэба было толькі ўзьняцца на другі паверх і перадаць наборшчыкам свае паперы. І калі раптам узьнікала патрэба нешта зьмяніць у свежым нумары, – а такое ў газэтнай справе здараецца нярэдка, – то зрабіць гэта можна было апэратыўна і пад асабістым кантролем.

      На першым паверсе друкарні знаходзіліся друкарскія варштаты, якія амаль бесьперапынна грукаталі, друкуючы сьвежыя нумары навакольных раёнак і шматтыражак.

      Атрымлівалася два ў адным – і рэдакцыя газэты, і друкарня. Гэта месца мяне прыцягвала як магніт. Балазе, у газэце працаваў ужо вядомы малады празаік Уладзімер Арлоў.

      Але самае цікавае, што адбывалася ў рэдакцыйным будынку, – гэта паседжаньні літаратурнага аб’яднаньня «Крыніцы», слава пра якое грымела на ўсю Беларусь. Аб’яднаньне працавала пры газэце і штомесяц рыхтавала літаратурную старонку. Традыцыйна літаб’яднаньнем займаўся нехта з супрацоўнікаў рэдакцыі, які меў дачыненьне да прыгожага пісьменства. Перад маім прыездам на Полаччыну «Крыніцамі» кіраваў Арлоў. Бадай, гэта быў зорны час аб’яднаньня, калі на яго паседжаньні прыяжджалі госьці зь Менску, а літаратурныя пэрыёдыкі гасьцінна запрашалі крынічанаў на свае старонкі. І якія госьці прыяжджалі! Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Генадзь Бураўкін, Алесь Разанаў, Міхась Ткачоў, Анатоль Грыцкевіч…

      Прычым, крынічане займаліся ня толькі літаратурнымі справамі. Яны заўжды былі ў гушчыні сацыяльных і палітычных падзеяў у сваім рэгіёне. Пісалі лісты да ўладаў у абарону помнікаў архітэктуры, вялі працу за пашырэньне беларускамоўнага навучаньня, удзельнічалі ў археалягічных раскопках і суботніках на архітэктурных помніках, здымках фільмаў, наладжвалі вандроўкі па родным краі.

      Варта мне было на пачатку жніўня прыехаць на Полаччыну, як я ўжо меў расклад свайго ўдзелу ў мерапрыемстваў амаль на ўвесь месяц: 5 жніўня – археалягічныя раскопкі на плошчы Свабоды ў Полацку; 6 жніўня – паседжаньне «Крыніцаў»; 7 жніўня – удзел у сьвяце адной з вуліц Наваполацка… Практычна кожны дзень нешта адбывалася.

      Я хадзіў зь іншымі крынічанамі па кватэрах бацькоў першакляшак і ўгаворваў аддаць іх у беларускамоўныя клясы. Цягаў насілкі зь зямлёй на археалягічных раскопках. Вычышчаў ад сьмецьця былы будынак Брацкай школы, які затым стаў музэем беларускага кнігадрукаваньня. Удзельнічаў у шматлікіх сустрэчах з чытачамі. Езьдзіў на абласныя і рэспубліканскія нарады творчай моладзі. Здымаўся ў масоўках гістарычных фільмаў Віктара Шавялевіча.

      Падпісваўся пад рознымі адозвамі, зваротамі, калектыўнымі скаргамі.

      Час быў надзвычай імклівы, цікавы і зьмястоўны. Трэба было пасьпець шмат зрабіць.

* * *

      Полацак прыканцы 80-х выглядаў на дэмаралізаванага былога шляхціца. Гэта калі ў шляхцюка, амбітнага і ганарлівага,

Скачать книгу