Скачать книгу

вершы. Пагулянка доўжылася да позьняга вечара. Правесьці Брыля ў гатэль даручылі мне. Па дарозе ён распытваў мяне: адкуль я, зь якіх мясьцінаў мае крэўныя. Затым неяк, ці то са спачуваньнем, ці то зь ветлівасьці, асьцярожна сказаў, што і раней сустракаў Аркушаў у Беларусі. Гэтая ягоная далікатнасьць мяне моцна расьсьмяшыла і я прызнаўся, што Аркуш – мая «нацдэмаўская» мянушка. Ён спыніўся і ўжо сваім звыклым голасам спытаў: «А як тваё сапраўднае прозьвішча?» «Козік, але мне падалося, што гэта не зусім падыходзіць для літаратурнага імя, таму я ўзяў псэўданім», – патлумачыў я старэйшаму калегу. І тут Брыль пачаў мяне пераконваць, што Козік вельмі мілагучнае і сэнсоўнае беларускае прозьвішча. Зноў спыніўся і чарговы раз спытаў: «А ты ведаеш, што значыць па-польску Козік?». «Ня ведаю», – прызнаўся я. «Сьцізорык», – выдыхнуў Брыль, нібыта паведамляючы мне вельмі сур’ёзную рэч. На гэтым абмеркаваньне маіх крэўных і прозьвішча спынілася і Брыль пачаў распытваць пра полацкае літаратурнае жыцьцё.

      На наступны дзень усе сабраліся ў наваполацкай бібліятэцы. Было ўрачыста. Акрамя Брыля на адкрыцьцё курсаў прыехаў тэатральны рэжысэр Валеры Мазынскі. Нашая школа беларусазнаўства атрымала назву «Курсы беларускай мовы, культуры і гісторыі». Кіраўніком курсаў прызначылі Лявона Баршчэўскага.

      Але на гэтым мы не разьвіталіся зь Янкам Брылём. На наступны дзень было прызначана паседжаньне «Крыніцаў». Збор быў самы поўны, з запрашэньнем і мастакоў, і музыкаў. Зь «Мясцовага часу» прысутнічалі два Алесі – Кузьмін і Сьвідрыцкі, а таксама іншыя музыкі – Ален і Аніса. З мастакоў – Сяржук Цімохаў і ягоная жонка Рыта.

      Мы чыталі вершы, празаічныя мініятуры, сьпявалі госьцю свае крынічанскія песьні. Янка Брыль у сваю чаргу расказваў пра свайго сябра Ўладзіміра Караткевіча, якога на той час ужо не было ў жывых, і легендарная постаць аўтара «Каласоў пад сярпом тваім» паўставала ў поўны рост.

* * *

      – Ты ведаеш, што мне распавяла сёньня сястра? – Тацяна завіхалася ля кухоннай электрапліткі.

      Нешта сьвірчэла на патэльні, і прыемны пах па-партызанску пранікаў у кожны закуток інтэрнацкага пакою. Я толькі прыйшоў з працы і нават не пасьпеў зьняць абутак.

      – На прадпрыемствах на партыйных сходах расказваюць страшныя рэчы. Дарэчы, і пра цябе таксама. Кажуць, што прыехаў эмісар апазыцыі зь Менску і пачаў падбухторваць людзей да бунту. – Тацяна засьмяялася гучным сьмехам. – Так што, эмісар, сядай хутчэй за стол і падсілкуйся, пакуль па цябе не прыехалі.

      – Ну зусім звар’яцелі! – Такой увагі да сваёй пэрсоны я абсалютна не чакаў. – Адчуваюць свой канец, падлюкі.

      – О, не спадзявайся на хуткі канец. Не за нашым жыцьцём. – Тацяна мела здольнасьць аптымістычна супакоіць.

      – І што нам застаецца?

      – Жыць. Гадаваць дзяцей. Займацца мастацтвам. Падарожнічаць. Сустракацца з добрымі людзьмі. Бачыш, колькі ўсяго шмат. – Яна зноў засьмяялася. – Не бяры да галавы. Ня ты тут галоўны эмісар, і там добра пра гэта ведаюць. Але і па-пустому не падстаўляйся.

      Больш за ўсё я баяўся, што падобная навіна, а да мяне ўжо даходзілі трывожныя чуткі, напалохае Тацяну. Бо калі ў сям’і

Скачать книгу