ТОП просматриваемых книг сайта:
Мясцовы час. Алесь Аркуш
Читать онлайн.Название Мясцовы час
Год выпуска 2014
isbn 978-83-62069-95-8
Автор произведения Алесь Аркуш
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Зь ліста Вінцэся Мудрова, дасланага з Улан-Хола, Калмыцкай АССР 6 кастрычніка 1987 г.
Твой ліст я атрымаў – дзякуй! Асабліва мяне ўзрадаваў факт адкрыцьця ў Наваполацку беларускае клясы. Гэта сапраўды выклік 200 тысячам (насельнікі Полацка + Наваполацка) сучасных мясьцюхоў, патрыётаў уласнага трыбуха, якія зьлітнаю масаю піхаюцца ў нікуды! Цяпер толькі ня даць гэтай, няхай пакуль і мізэрнай, ясачцы згаснуць! Напішы, ці мяркуецца з боку «Крыніцаў» якая спамога ў гэтым дачыненьні, якія імпрэзы і г.д.
Трэба абавязкова сабраць бібліятэчку беларускіх ксёнжак, дапаможнікаў, настольных гульняў. На Новы год пажадана павіншаваць кожнага вучня і вучаніцу паасобку. Карацей, трэ варушыцца. Дзякуй Богу, надышла часіна Дзеі. Гэта падарунак Гісторыі, і яго неабходна выкарыстоўваць.
Колькі людзей сабралося на мітынг, цяжка было падлічыць. Улада дазволіла апазыцыйнае мерапрыемства каля помніка першай палатцы ў Наваполацку, а там не было вялікага адкрытага пляцу, таму людзі атачалі помнік, які ператварыўся ў трыбуну, з усіх бакоў. Людзей было – процьма. А яны ўсё ішлі і ішлі да палаткі з боку Маладзёжнай вуліцы.
Мітынг апазыцыянэры прысьвяцілі кепскай экалёгіі ў горадзе – самай надзённай праблеме Нафтаграда. Не было ніякага сакрэту, што пратэстная акцыя была падрыхтаваная Сержуком Сокалавым-Воюшам і ягонымі паплечнікамі, якія затым утвораць моцную суполку Беларускага Народнага Фронта ў Наваполацку.
Сяржук цэлую ноч перад мітынгам пісаў адмысловую песьню, якую зьбіраўся выканаць пад гітару перад шматтысячным натоўпам. Хацеў напісаць нешта накшталт экалягічнага гімна Нафтаграда. Раніцай мы сустрэліся. Воюш прасьпяваў мне тое, што атрымалася.
– Ну як? – гарэзьліва спытаў ён, гледзячы на мяне чырвонымі ад недасыпу вачыма.
– Добра! Толькі ты словаў ня ведаеш, па паперцы сьпяваеш. – Хутчэй гэта быў жарт, чымсьці крытыка.
– І на мітынгу прасьпяваю па паперцы. Дзялоў тых. Ты ж таксама будзеш чытаць верш па паперцы? – Воюш быў у гуморы. Ён як апантаны рыбак прадчуваў добрую рыбалку. Мітынг дазволілі. І людзі на яго абавязкова прыйдуць. У гэтым Воюш быў перакананы.
У кватэру Сержука з раніцы пачалі сьцякацца мясцовыя апазыцыйныя сілы. Бэнээфаўцы, рокеры, актывісты-эколягі, крынічане і розныя іншыя неабыякавыя людзі. Усе разам, гэтым стракатым збоем, мы й рушылі да першай палаткі. Там ужо актывісты мантавалі гукавы ўзмацняльнік, дружыньнікі зь бел-чырвона-белымі павязкамі атачылі і сам помнік, і прылеглы сквэр. Ва ўсіх быў нейкі ўзьнёслы настой. Нібыта сабраліся на сьвята.
– Будзеш трымаць мне тэкст пад носам, сапраўды словаў не памятаю, – сказаў мне ўжо на трыбуне Сяржук.
Людзі сустракалі кожнага выступоўца вельмі цёпла.