Скачать книгу

ахоўнымі крыламі бацькі доўга не сядзеў. Праз тры дні, зманіўшы, што пойдзе, каб забіць час, да хроснага, які быў таксама лесніком (у магільніцкіх лясах за пятнаццаць вёрст адсюль), хлопец прыадзеўся трохі чысцей – у новую шапку, світку, крамныя штаны і старыя боты, – узяў добры запас ежы, тую самую сякеру за пояс і на досвітку рушыў на захад, каб паспрабаваць пераправіцца праз Бярэзіну. Кірунак ён узяў на даманскія лясы, за дзве вярсты на поўнач ад Лошы.

      На змярканні ён стаяў ля іх межаў. Мясцовасці Косцік не ведаў, з вечара было надзвычай цёмна, таму спыніўся пераначаваць. Вогнішча вырашыў не распальваць, а лепш пашукаць якога бяспечнага схову. Агледзеўся, бачыць – стаіць дуб з подкурам. Залез туды, прыставіўшы сукаватую галіну, праспаў ноч і з усходам сонца рушыў далей.

      Узвышша ішло роўнае, парослае рэдкім сасоннікам.

      Праз колькі гадзінаў Косцік спаткаў чарнігаўскую арцель, якая майстравала бэлькі для зямлянак: пазнаў іх па доўгіх кажухах, нашмараваных алеем і сцягнутых ззаду ў фалды на манер спадніцы, – такія самыя насілі чарнігаўскія стальмахі, якія штогод прыходзілі ў смалярскую пушчу гнуць ясеневыя абады.

      Прайсці незаўважаным між імі па рэдкім лесе было немагчыма, таму Косцік трохі збочыў і зрабіў крук на вярсту ў бок поўначы – а там тыя самыя кажухі з фалдамі. Хлопец пайшоў далей на поўнач, упэўнены, што хутка лес будзе іншы.

      Праз добрую вярсту дарога сапраўды пайшла ўніз, сасоннік змяніўся ельнікам, а потым і поймай з альхоўнікам, парослай высокай густой папараццю. Пасярэдзіне цёк ручай, нешырокі – месцамі можна было пераскочыць, але чысты і ў любым месцы як найменш да калена. Паколькі Косцік не ішоў наўпрост на захад, то вырашыў, што ручай прывядзе яго да Бярэзіны, і рушыў па яго цячэнні, хаваючыся ў папараці.

      З абодвух бакоў поймы даносіліся адгалоскі работаў: спачатку рэха сякераў і грукат паваленых дрэў, потым стукат колаў і рытмічны звон доўгіх пілаў, крактанне бэлек, як падчас зводу вуглоў, удары кірак, людскі гоман, ляскат рыдлёвак, зноў стукат колаў і гук забіваных цвікоў. Апошні даносіўся і спераду.

      Косцік прайшоў яшчэ колькі стаяў і ўбачыў будаваную праз раку грэблю і масток праз ручай. Схаваўшыся ў папараці, пачакаў, пакуль работнікі не разыдуцца абедаць, потым падкраўся да самага мастка і пад ім перабег на іншы бок. Праз сотню крокаў па абодва бакі рачулкі ён убачыў загарадзі з завостраных калоў, але сама рачулка была вольная. За некалькі стаяў адсюль прасвечвала праз загарадзь поле.

      Сэрца ў Косціка застукала хутчэй: цяпер ён ведаў, што рабіць. Пабег у бор, збоку ад месца, дзе працавалі, знайшоў тонкую сухую елачку, ссек яе, адцяў пяць кавалкаў, на сажань кожны, перанёс іх да ручая, звязаў лыкам у плыт і пачаў чакаць вечара, чытаючы Ружанец на шчаслівае падарожжа.

      Калі добра сцямнела, ён сцягнуў плыт на ваду і паплыў, адпіхваючыся кіем. Плыў павольна, бо было цёмна, і плыт увесь час чапляў берагі. Косцік абапіраўся аб зямлю, каб не плюхала. Раз-пораз ён спыняўся і ўслухоўваўся ў глухую ноч. Спераду траскатаў рачны параход, часам чуліся людскія воклічы, а ззаду даносілася глухое, нібы з-пад зямлі, ваўчынае выццё.

      Па меры набліжэння да грэблі ён плыў усё павольней

Скачать книгу