ТОП просматриваемых книг сайта:
Надбярэзінцы. Фларыян Чарнышэвіч
Читать онлайн.Название Надбярэзінцы
Год выпуска 1942
isbn 978-985-7165-14-8
Автор произведения Фларыян Чарнышэвіч
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– Гэта наш свет такі.
– Такі смешны свет?!
– Так. Хадзем, я табе ўсё патлумачу.
І Стах паказаў Косціку часткі свету, Расію, а потым падрабязна апавёў пра партрэты ўсіх цароў на сцяне.
– А вунь той, што як канакрад глядзіць, – гэта хто? – асабліва зацікавіўся Косцік партрэтам Мікалая І.
– Ціха! – шыкнуў Стах, хапаючы яго за плячо. – Гэта таксама цар!
– І таксама расійскі?
– Польскіх тут няма. А цяпер зірні ў кут пад ручнік.
– Гэта хто?
– Гэта іхны Пан Езус.
– Гэта Езус у іх такі?! Аяяй, нягеглы ён нейкі. Як такому маліцца?
– А ты думаеш, я яму малюся? Я толькі для выгляду вуснамі варушу, а хто ж ведае, што Ён думае. У іх амаль усе абразы такія. Як у цэркві будзем, сам пабачыш.
– А што, тут трэба да цэркві хадзіць?
– Так, у царскія святы ўсіх разам да цэркві ганяюць. Толькі габрэяў не чапаюць, яны ж няхрышчаныя.
Вечарам Косцік адведаў Стаха на кватэры.
– Адкуль у цябе такія боты дзіўныя, доўгія? – спытаў Стах.
– А гэта мне пан даў, за тое, што мой бацька мінулае зімы мядзведжы бярлог адшукаў.
– За бярлог?
– Так. Ты, мабыць, не ведаеш, як лесніку важна мядзведжы бярлог знайсці. Вось мінулай зімою мой тата знайшоў, мядзведзя ў аблаве забілі, і тата пана папрасіў мне ў навуцы дапамагчы. Пан даў дзесяць рублёў і вось гэтыя боты. Пан іх, канечне, трохі насіў, але калі падноскі ставіць і даглядаць як належыць, то на тры рокі хопіць.
– Па-мойму, пан ваш – той яшчэ жмінда. За мядзведжы бярлог мог бы і болей даць.
– Па-мойму таксама жмінда, але тата кажа, што доранаму каню ў зубы не глядзяць і калі даюць, то браць трэба. Дык што, – вярнуўся Косцік да размовы пра школу, – ты такі малы, а ўжо ў чацвёртым сядзіш? То вясною экзамент здасі ўжо?
– Спадзяюся, што здам.
– У Смалярні аж двое такіх, што экзамент здалі: Казік Здановіч і Ясь Ладан. Я з Казікам дружу. Ты ў Смалярні калі-небудзь быў?
– З нашых амаль усе былі, а я ніколі.
– Ой, бачыў бы ты, які наш засценак вясёлы! Дваццаць дзве польскія хаты побач стаяць. Могілкі польскія ёсць, ёсць такі чалавек, што дзяцей у вадзе хрысціць і нябожчыкаў хавае, музыканты свае, дзяўчат многа і хлопцаў усякіх. А яшчэ ведаеш што, – сцішыў ён голас. – У мяне ў Смалярні дзяўчына.
– У мяне таксама ўжо дзяўчына ёсць.
– Ды што ты! А прыгожая хоць?
– Як анёлак!
– А вялікая?
– Не, малая яшчэ, але ўжо смяецца, а ручкі як сцісне, дык не адразу і расчэпіш.
– Што?! Стой, дык ты пра дзіцёнка гаворыш?
– Дзіцёнак яшчэ, ага, мама на жніво нарадзіла.
– Дык яна табе сястра, значыць.
– І нават родная. Эх, ты б яе бачыў!
– Ды ідзі ты з такой дзяўчынай. Я пра тую кажу, з якой жаніцца можна, як вырасцеш.
– А-а, такая, каб жаніцца?! А я жаніцца не змагу, бо на ксяндза буду вучыцца.
– Калі б у мяне Каруські маёй не было, я б з табою на ксяндза пайшоў.
– Праўда на ксяндза? – уразіўся Стах.