ТОП просматриваемых книг сайта:
Калі цвіла чаромха (зборнік). Коллектив авторов
Читать онлайн.Название Калі цвіла чаромха (зборнік)
Год выпуска 2014
isbn 978-985-02-1533-8
Автор произведения Коллектив авторов
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Вера. Надзея. Любоў
Издательство Электронная книгарня
Яшчэ трэба знаходзіць навейшыя методыкі па адкорме свінак, каб давалі добрую прывагу, здаровае пакаленне. Намечаныя планы таксама патрэбна своечасова выконваць, высокія ўстановы сочаць, цікавяцца «мясным прыбыткам».
Асаблівае пытанне – чысціня ў памяшканнях. Вядома ж, у першую чаргу неабходна прасачыць за тым, каб свінаркі своечасова выдалі патрэбны рацыён для гэтых жывёл. Ды й выконвалі свае абавязкі старанна, не лайдачылі. Што тут яшчэ дадаць? Розныя жанчыны працуюць у калектыве. Добрасумленныя, працавітыя і такія, якіх трэба пугай падганяць, як лянівага вала.
Да прыкладу, тая ж Фрося. Пра такіх некалі казалі: пані – на ўсе сані. Вельмі марудная ў справах, з асаблівай хітрынкай. Кабета ніколі сама не возьмецца за рыдлёўку, усё чакае загаду «зверху». А яшчэ ж пустамеля і выпівака. Жадае каўтаць пякучую вадкасць з рознай прычыны. І атрымліваецца, як у той прыказцы: баба качаргу мяняла, тры дні весела гуляла.
Пільнай увагі патрабуе і маладзенькая Надзейка. Нядаўна робіць на свінаферме. Зусім яшчэ дзіцё! Але ж, відаць, шмат гора ўжо пабачыла за свой кароткі век. Таму нейкая недаверлівая, дзікаватая, маўклівая. Нікому не адкрывае сваё сэрца, душу. І ніяк немагчыма зразумець, што затаілася ў галоўцы той гаротнай дзяўчыны? Слёзы ці радасць. Але нічога. З цягам часу знікне недавер, гэтая ўпартая дзікаватасць. Добрыя словы міма не ляцяць. Як бальзам, лечаць душу!
А свінкі – па сваёй натуры асаблівыя. Калі штосьці не так, дык адразу завядуць такую арыю на ўсё наваколле, хоць вушы тады затыкай! Галоднай свінні адно ў галаве: ежа, вада, цёплы прытулак.
7
У звыклых клопатах непрыкметна праляцеў чарговы дзень, згубіўся ў лабірынтах паўсядзённасці. Потым – другі, трэці… Ужо і восень пазірала ў вочы, жоўтай лістотай стукалася ў вокны. Паступова прыбліжалася халадэча. Дні сталі карацейшымі, а вечаровы час нязвыкла зацягнуўся…
Пасля працы, вяртаючыся знаёмай сцежкай, Марыйка звярнула ўвагу на неба, дзе ўбачыла востры птушыны клін. Ляцела чародка шэрых дзікіх гусей. Навокал чуліся знаёмыя з дзяцінства гукі развітання… Такія самотныя, трывожныя. Праглынуўшы горкі камяк у горле, насоўкай выцерла слязіну, якая ручаёчкам нечакана пракацілася па маладой шчацэ…
Падумала: вось якую долю Бог даў пералётным птушкам! Пастаянна вандраваць па ўсім свеце. І заўжды вяртацца на родную зямліцу, якая мілей за чужыну. Вось так і людзі. Дзе б яны не жылі, але думкамі заўсёды там, дзе нарадзіліся і ўзраслі. Кліча да сябе той дарагі кут, трывожыць успамінкамі.