Скачать книгу

кідацца да майго сына, да мяне. Герой які знайшоўся. Ты ж бачыў, каго браў. Добра ведаў, што ў мяне дзіцятка. І не нагуляла… Нават запланавалi вяселле з Уладзікам ладзіць. Залатыя ўжо пярсцёнкi купiлі. Актыўна рыхтавалiся да важнай падзеi. Але здарылася бяда: мой нарачоны жаніх у аварыі загінуў. Атрымалася ўсё наадварот: замест вяселля, давялося пайсці на пахаванне бацькі будучага дзіцяткі.

      – Ды я ж не супраць гэтага дзіцёнка быў, ты ж гэта добра ўсё, Марыйка, ведаеш! – ужо лямантаваў пакрыўджаны муж.

      – А чаму стаў махаць рукамі, крыўдзiць Алесiка, прынiжаць яго? – пачуў хуткі адказ жонкі.– Пэўна, усё-такі табе Бог розуму не даў. Забыўся надзяліць… Сваiм куцым iнтэлектам не разумееш: крыўдзiць дзяцей нельга. Грэх рабіць балюча слабым, хворым, безабаронным. Алеська – водгук майго першага кахання, якое нiколi не забудзецца. І працяг роду Уладзiка. Я болей не дазволю, каб штодзённа такая карціна паўтаралася. Чуеш? Не дазволю! Ведай адно: кожная сапраўдная мацi гатова ахвяраваць нават жыццём, сваім шчасцем дзеля дзяцей.

      Здзіўлены, занепакоены Антось паспрабаваў жоначку ўлагодзіць. Усяляк вінаваціўся, нават пусціў штучную слязу. І гатовы быў ужо грукнуцца вострымі каленямі аб падлогу, цалаваць стройныя жаночыя ножкі. Паспрабаваў і пажартаваць. Маўляў, у жыцці ўсялякае бывае, калі жук рыкае, а карова лятае. Ашаломлены, не чакаў такой смеласці і нянавісці ад цярплівай, добразычлівай Марыські. Спадзяваўся: можа, зноўку даруе, як некалі. Ведаў: жаночае сэрца не камень. А чуллівае, мяккае, як пластылін. Многае заўсёды выбачае, шкадуе. Асабліва, калі вушы пачуюць пяшчотныя слоўкі, шматлікія салодкія абяцанкі. Дарэчы, якія амаль ніколі і не выконваліся…

      Але не даравала. Толькі са слязамі амаль крыкнула:

      – Многа чуецца, ды мала верыцца. Хамелеон пракляты. У цябе на вуснах – мёд, а на сэрцы – лёд!

      Шырока расчыніўшы ўсе дзверы, выкінула прэч рэчы Антося ўжо на ганак. Гучна, бы ў тым войску, зноў загадала:

      – Каціся, валацуга, туды, куды сам пажадаеш! На мяккія падушкі да Мусі, Дусі, Фэні, Рэні… Колькі іх там у цябе было? Нават цяпер і не злічыць. Пэўна, не хопіць і пальцаў на руцэ. Але мяне гэта ўжо зусім не хвалюе. Ты думаў, што я нічога не ведаю пра твае прыгоды? Памыляўся, Антон. Лес чуе, а поле бачыць. Добрыя людзі ўсё паведамілі, дапамаглі скінуць ружовыя акуляры. І гэта добра. Нарэшце дапетрыла, хто побач жыве, ды каляровыя байкі складае. І шпаклюе маю пільнасць, мазгавы цэнтр. Толькі не надумайся затрымлівацца тут. Хутка маршрутка пад’едзе. Шуруй хутчэй на аўтобусны прыпынак. І запомні: дарогі ў маю хату болей для цябе няма. І ніколі не будзе. З сённяшняга вечара нашая сцежка зусім зарасла палыном. Зразумеў? Вось і добра. Сам гэтага, мабыць, жадаў. Таму, знайшоўшы нітку, знойдзеш і клубок!

      Марыйка спрытна развярнулася, хуценька падбегла да Антося. І з усёй сілы выпіхнула ўжо былога мужа на вуліцу. Быццам непатрэбную рэч. Потым з грукатам зачынілася. Назаўсёды. Каб болей не бачыць ненавіснага і подлага чалавека, не чуць ягоны голас…

      Вандроўніца Роза

      Лясная сцяжына шэрай стужкай вілася

Скачать книгу