ТОП просматриваемых книг сайта:
Калі цвіла чаромха (зборнік). Коллектив авторов
Читать онлайн.Название Калі цвіла чаромха (зборнік)
Год выпуска 2014
isbn 978-985-02-1533-8
Автор произведения Коллектив авторов
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Вера. Надзея. Любоў
Издательство Электронная книгарня
Сонца ўжо схілілася да заходняга небасхілу, калі спацелыя ад летняй спякоты вершнікі нарэшце вырваліся з лясной засені на шырокі дол і іх зроку раптам адкрылася незвычайнае відовішча: доўгая блакітная паласа мора і перад ім на высокім пакатым пагорку, нібы тая скала, вялікае пасяленне, абгароджанае шчыльным завостраным частаколам. Гэта было паселішча жамойтаў – даўніх хаўруснікаў Літвы, якія, нягледзячы на тое, што на іх землях цяпер уладарылі крыжакі, захоўвалі ўсё ж свае ўласныя звычкі і здабыткі. Дзесьці там за высокай сцяной частаколу і россыпам драўляных жылых забудоваў таіўся велічны паганскі храм багіні Аўштры – ранішняй зары, жонкі наймагутнага Перуна. Само ж капішча нябеснага бога грому знаходзілася зараз у Троках, якімі валадарыў князь Светавар, і жыхары якога яшчэ з’яўляліся напалову хрысціянамі і паганцамі.
Варта, што стаяла пры браме, яшчэ здалёк змеціла ліцвінскіх вершнікаў. Таму пры іх набліжэнні хутка расчыніла тоўстыя дубовыя створцы. І атрад паволі ўехаў ў пасяленне. Дапытлівыя жыхары ад малога да вялікага павалілі з прыземістых хат гурмой на вуліцу, узнёсла віталі гасцей на мясцовай мове:
– Lietuviai! Draugai!.. Sveiki, drąsūs kariai! Sveiki, draugai!..[1]
Вершнікі неўзабаве прыпыніліся ля вялікага драўлянага дома, што стаяў у цэнтры жамойцкага пасялення. З яго да іх выйшаў у светлых строях пажылы сівы старэйшына. Спешыўшыся, князь Светавар зычліва павітаўся з мясцовым правадыром:
– Labas diena![2] Рады вітаць цябе, мудры Кушніс, у тваім прыгожым паселішчы і бачыць цябе ў добрым гуморы і здароўі!
– Su atvykstant![3] І я рады бачыць цябе, слаўны кунігас Трокаў! – гучна мовіў у адказ пажылы жамойцкі ўладар на мове ліцвінаў.– Якія-такія ветры занеслі цябе ў наш далёкі глухі закутак?
– Ды ў паходзе я быў з харугвай у Куроніі, мудры Кушніс, – хутка адказаў Светавар. – Цяжкі бой выдарыўся. Ідуць зараз па нашых слядах крыжакі. Прашу на колькі дзён прытулку для сябе і вояў сваіх верных. Стаміліся мы моцна ў дарозе. Перадыхнуць і падсілкавацца б крыху воям і коням, набрацца сілы.
– Сябрам мы заўжды радыя! – прамовіў ветліва жамойцкі правадыр. – Уладкуем тваіх вояў па дварах. Цябе ж, мужны кунігас, запрашаю прыпыніцца ў маім доме, адвячэраць і выпіць гарачага траўнага напою! Да таго ж у добры дзень завітаў ты да нас. Сёння ўвечары свята ў гонар нашай слаўнай нябеснай заступніцы Аўштры! Будзе высокае вогнішча!
– Абавязкова наведаем капішча і ўскладзём да ног найсвятлейшай багіні свае шчырыя падарункі! – гучна мовіў князь Светавар і, ступіўшы да старэйшыны, шчыра абняўся з ім, бо ведаў Кушніса яшчэ з тых часоў, калі той служыў сотнікам у бацькавай дружыне – адсюль і ягоныя добрыя веды мовы хаўруснікаў.
Ліцвінскіх вершнікаў, якія спешыліся, пачалі разбіраць і разводзіць па дварах жыхары. Князь Светавар жа, даверыўшы баявога каня маладому слузе, прайшоў разам з Кушнісам у ягоны прасторны дом.
Вячэра ў старэйшыны зацягнулася да заходу сонца. Да капішча Аўштры, што знаходзілася непадалёк ад мора на ўскраіне сасновага бору, правадыры рушылі ўжо ў прыцемках – ад пасялення да яго вяла ўтаптаная сярод прыбярэжных скал сцяжына. Гэта была велічная без страхі прамавугольная забудова з тоўстых бярвенняў, мо сто аршынаў у шырыню. Апынуўшыся ў храме, князь Светавар агледзеўся. Мясцовыя жыхары паступова напаўнялі шырокі ягоны ўнутраны двор, пакорна выстройваліся ўздоўж сцен. Пасярэдзіне ж капішча рос магутны разгалісты дуб. Прама перад ім узвышаўся велічны, ростам у тры чалавекі, ідал Аўштры. У руках багіня трымала бліскучую зорку. Перад ідалам месціўся нешырокі алтар, да якога вялі каменныя ступені. На ім ва ўнутраным паглыбленні сцяны палала вечнае непагаснае полымя, якое разам з факеламі на сценах асвятляла капішча. Натоўп па загадзе старэйшыны расступіўся, і неўзабаве на ўзвышшы перад алтаром з’явіліся маладыя жрыцы-вайдэлоткі – у белых палатняных кашулях і з кветкавымі вянкамі на галовах. Яны распачалі павольныя рытмічныя рытуальныя рухі пад нягучны спеў. Старая жрыца ў шэрым доўгім сарафане наблізілася да агню са збанам, падліла ў яго масляную вадкасць. Полымя тут жа заварушылася, сіганула яскравым стаўпом у неба. І раптам у ягоных залацістых промнях паўстала маладая статная вайдэлотка, у белых строях з распушчанымі густымі попельнымі валасамі, якая грацыёзна ўзышла па прыступках да статуя Аўштры. Князь Светавар міжволі пашырыў вочы. Ён упершыню назіраў такую непаўторную дзявочую прыгажосць.
1
Літоўцы! Сябры!.. Прывітанне, храбрыя воі! Прывітанне, сябры!..
2
Добры дзень!
3
З прыездам!