Скачать книгу

тонкае, амаль карункавае, з высокімі ці то вежамі, ці то шпілямі, і нібыта плыў над вуліцай ціхі звон – але гэта проста сканчалася музыка ў яе плэйлісце, і яна пераключалася на наступны.

      І можна было зайсці ў «Штолле» з’есці пірог з журавінамі, а можна – у «Цэнтральны» і там узяць кавы і «карзінку альбу», і стаць ля акна і адпачыць ад хады, і паглядзець, як там працуюць хлопцы і дзяўчаты за стойкай, па двое, і яшчэ адна прыносіць лісты з пірожнымі з падсобкі, і як яны размінаюцца адзін з адным у той вузкай прасторы, і нешта не было бачна, каб хадзіла за імі якая-небудзь Ніна Санна штохвіліны правяраць касу і шафкі.

      А ля «Макдональдса» ёй падабалася павярнуць направа, і дайсці да плошчы Свабоды, і падысці да чыгунных коней ля кіёскаў, і паблукаць па старым горадзе, уверх і ўніз, і зноў уверх. Ёй падавалася, што тут маглі б жыць якія-небудзь мастакі ці актрысы, і ў іх здараліся б раманы, і актрысы хадзілі б на бераг ракі стаяць ля вады і глядзець на хвалі. Яна прыдумвала розныя гісторыі кахання замест тых, якіх яна пра гэтае месца не ведала, і ў гэтых гісторыях было шмат жарсці і зусім няшмат радасці, хіба толькі ў той момант, калі ён схіляўся да яе – і глядзеў сур’ёзнымі шэрымі вачыма ў яе сур’ёзныя шэрыя вочы.

      І тут, на Зыбіцкай, яна, нарэшце, зусім стамлялася – і сядзела ў кавярні на шырокіх драўляных лавах, закладзеных фіялетавымі падушкамі, і піла амерыкана, і шкадавала, што на Акадэміі не зайшла ў «Фрэшкафэ», бо там да яблычнага штрудзеля заўсёды падавалі клубнічны соус у соуснічку, а тут ім малявалі на белай талерцы чырвонае сэрца – і яго немагчыма было з’есці.

      Нарэшце яна ішла ў метро, і галубы ля сабора палохаліся і кідаліся ў неба наўпрост з-пад яе ног, і цягнік пад зямлёю імчаў яе ў Каменную горку, а там яшчэ тры прыпынкі аўтобусам, яна ехала ліфтам на сёмы паверх і адкрывала жалезныя дзверы сваёй здымнай аднушкі, якая заўсёды пахла антонаўкай, і дзе на падаконніку стаяла ад гаспадароў яшчэ фігурка чорнай кошкі з зялёнымі шклянымі вачыма.

      А раніцай яна зноў едзе праз увесь горад і праз абедзве лініі метро на працу ў сакабар, і ні пра што не думае, а потым надзявае фірмовы фартушок і бейсболку, выпраўляючы даўгі залаты хвост, і плавае за сваёй стойкай цэлы дзень, і толькі калі прыходзіць час абеду, яна ідзе ў каморку да Ніны Санны, з’ядае сэндвіч ці шаўрму, аглядаецца па баках – і просіць Ніну Санну: а давайце я вам паперкі пастрыгу. Ніна Санна дае ёй стосік чарнавікоў, і Саша бярэ нажніцы – і дваццаць хвілін, якія застаюцца да канца перапынку, разразае лісты напалам, і яшчэ напалам, і яшчэ напалам, каб атрымаліся зручныя чатырохкутнічкі для запісаў. У іх надта эканомнае кіраўніцтва, дый Сашы падабаецца рэзаць паперкі. Можа, гэта ёй падабаецца больш за ўсё ў жыцці.

      Аліна Длатоўская

      Недапалак

      Палова на дзясятую. Яшчэ паспявае. Схавала тэлефон у кішэню. Дадала хуткасці. З-за спіны чуўся рогат пакінутай кампаніі. Ліза павінна вярнуцца а дзясятай. Інакш будзе дрэнна.

      Дзяўчына

Скачать книгу