ТОП просматриваемых книг сайта:
Дыплом на царства. Аркадзь Ліцьвін
Читать онлайн.Название Дыплом на царства
Год выпуска 2015
isbn 978-98590-371-7-7
Автор произведения Аркадзь Ліцьвін
Издательство Электронная книгарня
А гетман Жулкеўскі падчас кароткай хвіліны самотнасці міжволі прыкідваў, пераможа ці загіне раней, чым кароль возьме Смаленск. Як перамагчы, ані Міласцівы пан, ані яго святарскае атачэнне, параіць былі не здольны, але і гінуць не варта. І ваярамі сваімі марна ахвяраваць не ў яго звычаі. Толькі яны, вось гэтыя маладзёны, што запаўняюць шацёр, зарука перамогі. Гетман пахмурным поглядам павёў па ад’ютантах і рэгімэнтарах.
– Людзей да ўсіх разаслалі?
– Па загаду, яснепане, – адгукнуўся ад’ютант, выступіўшы з гурмы афіцэраў. – З наказам сцягвацца да Шуйска.
Гетман кіўнуў, але не адвёў вачэй, чакаючы працягу.
– Ад пана вяліжскага старасты ганец. Белы амаль абложаны. Ледзь праслізнуў.
– Чаму я пра гэта толькі зараз чую? – набурмушыўся гетман.
– Гэтай хвілінай вярнуўся, яснепане, – паспешна патлумачыў афіцэр. – Ані кроплі не замарудзіў.
Усе прысутныя ведалі ўедлівасць гетмана ў справах выведу і сувязі з раскіданымі атрадамі.
– А можа, яснавяльможны пане?… – пачаў нехта з гурта рэгіментараў і быў спынены ўладным тонам Жулкеўскага.
– Не можа! – абсек ён магчымае пытанне. – Я павінен спачатку ўсё ведаць. Калі масква нападзе знянацку, то пры нашых сілах нечакана для самой сябе задасць нам паразу.
Ніхто не рызыкнуў выказвацца. Гэта рыса: лічыць сваю думку адзіна правільнай, не пытаўшы іншых, моцна шкодзіла гетману. Але дасведчаныя афіцэры верылі ў яго ваярскі талент і шчаслівую зорку, ведалі, што адказнасць за паразу гетман не завагаецца ўзяць на сябе. Хто яшчэ рызыкнуў бы вырушыць супраць войска Шуйскага з такой жменькай.
– Будзем спадзявацца, палкоўнік Гасеўскі здабудзецца на які фартэль, каб вырвацца, – прамовіў як сам сабе гетман. – Усё ж мае тысячу запарожцаў і сваіх некалькі сот.
У Белым, за паўтары сотні вёрстаў на паўночны ўсход ад Смаленска вяліжскі стараста, палкоўнік Гасеўскі, ён жа рэферэндар літоўскі, трымаў замак надзейна. Меў мала ежы, і няшмат зброі, затое досыць непрыяцеля: князі Хаванскі* ды Баратынскі* разам з іншаземцамі шведа Эдварда Горна шчыльна запіралі ўсе дарогі да сваіх.
Калі заняцца атрадам Гасеўскага, між маскоўскім войскам і Смаленскам застанецца толькі полк Марціна Казаноўскага* ў восем соцень пад Вязьмай ды семсот жаўнераў ротмістра Самуэля Дунікоўскага* ў Царовым Займішчы. Паспрабуй гэтым спыніць дзесяткі тысяч Шуйскага! А што тады з Найяснейшым панам і ягоным войскам?
– Да Казаноўскага, яснепане, – паслужліва пахіліўся ад’ютант, – павінен далучыцца полк пана Збароўскага. Мае пад сабою паўтары тысячы.
– Кінуў свайго “царыка”? – зазначыў гетман. – Што ж, неблагі нарыбак, хоць і клапатлівы ў паводзінах.
Малады Аляксандр Збароўскі, сын смяртэльнага ворага гетмана, мог стаць клапатлівым набыткам. Шаснаццацігадовым юнаком атрымаў рану, баронячы бацьку, якога ўрэшце схапіў не хто іншы, як непрыяцель