ТОП просматриваемых книг сайта:
Мы – хлопцы жывучыя. Іван Сяркоў
Читать онлайн.Название Мы – хлопцы жывучыя
Год выпуска 1970
isbn 978-985-02-1159-0
Автор произведения Іван Сяркоў
Жанр Детская проза
Издательство Электронная книгарня
Я мужчына на ўсю радню
Стаяць маразы. Снегу намяло па вокны. Дзед Мікалай пасля нядаўняй завеі ледзь выбраўся з зямлянкі – не мог адкапацца. А Глыжка сёння раніцай знайшоў на двары замёрзлага вераб’я. Ён прынёс птушку ў хату, доўга на яе хукаў, грэў перад печчу, клаў у пячурку – усё спадзяваўся, што ажыве. Верабей не ажываў. Тады брат палажыў яго на ўслон, а сам пайшоў шукаць якую анучку, каб цёпленька захутаць небараку. I раптам – кошка! Не паспеў Глыжка і вокам плюснуць, як яна за вераб’я – і пад печ. Эх, і падняўся ж у хаце вэрхал! Малы шпурляў у падпечак тарфіны, грукатаў там качаргой, закінуў туды бабчын дзяркач і маю бахілу, але зладзейка так і не вылезла. Глыжка нарабіў плачу.
Бабка, як умее, стараецца развеяць яго гора:
– Кінь ты, дурненькі, па вераб’ю хаўтуры спраўляць. Іван табе новага, жывога зловіць.
I падміргвае мне вокам, сварыцца на мяне:
– Ты яму зловіш вераб’я ці не, абібок? Колькі табе казаць!
А мне холадна і хочацца есці. Я ляжу на печы, разглядваю столь, смалістыя сучкі на пагабляваных дошках, мудрагелістыя малюнкі распілаванай удоўж сасны. Не пра вераб’я – зусім іншыя мары ў маёй галаве. Вось было б добра, каб паднялася зараз адна дошка і ў дзірку з гарышча зваліўся на печ мяшок з такімі булкамі, якія прыносіла калісьці да вайны мама з горада. Ды няхай бы і са звычайным хлебам, хоць з чэрствым, хоць з цвілым. Вось бы цуд быў: кліча бабка сёрбаць зацірку, а я цэлы бохан на стол – грук!
Ад такіх думак у мяне засмактала пад лыжачкай. Вельмі шкада, што цуды бываюць толькі ў казках, што толькі з чарадзейнага рога ўсяго многа. Хаця, што гаварыць, і ў жыцці яно іншы раз шанцуе. Я з прыемнасцю ўспамінаю палявую кухню, што з месяц таму стаяла пад вербамі непадалёку ад нашага двара. Тады можна было жыць прыпяваючы. Сяржант-повар даваў нам з Глыжкам кожны дзень па лусце хлеба і дазваляў пасля раздачы салдатам абеду выскрабаць кацёл. Дык гэта ж толькі так гаворыцца – выскрабаць, а на самай справе на дне можна было чэрпаць прасяную кашу на поўную лыжку. Іншы раз трапляліся і кавалачкі мяса.
А то, кажуць, у Глёкавай Насці і зараз на пастоі нейкія камандзіры. Вось каму жывецца, дык гэтай Насці з дачкою – паміраць не трэба! Камандзіры ёй даюць і крупы, і цукар, і нават кансервы. Насцінай Каці кожны дзень тушонкі перападае. Хацеў я аднойчы адлупцаваць яе ля калодзежа, ды пашкадаваў каноплі тыя рыжыя. Толькі раз за касу тузануў.
Зачыніўшы комін, бабка прысела на ўслоне насупраць акна крыху адпачыць. Яна паклала галаву на прыпол бабе Міронісе, і тая не спяшаючыся расчэсвае ёй валасы зломкам касцянога грабянца. Пры гэтым старыя размаўляюць пра жыццё. Вось людзі ў вёсцы мруць, як увосень мухі. Учора Палікарпа з Хутара хавалі. На памінках быў ячменны крупнік і бульбяныя каржы з тоўчанымі каноплямі. Па цяперашнім жыцці такое і на вяселлі не сорамна паставіць. А сёння аж трое хаўтур. Косіць нашы Падлюбічы сыпняк.
Успамінае бабка, што і ў тую вайну, як цара скінулі, такое было. Гэта ўжо так: з вайной прыходзіць і голад, і галеча, і нястача, і нуда. А хваробе толькі гэтага і трэба, тут яна і бярэцца