ТОП просматриваемых книг сайта:
Мы – хлопцы жывучыя. Іван Сяркоў
Читать онлайн.Название Мы – хлопцы жывучыя
Год выпуска 1970
isbn 978-985-02-1159-0
Автор произведения Іван Сяркоў
Жанр Детская проза
Издательство Электронная книгарня
Мы з Санькам думаем так, што ў бліндажы, дзе цяпер жывуць Брыдкі, або ў іхняй хаце, пакуль яна была цэлая, сядзела нейкая важная нямецкая шышка. Салдат такую аграмадзіну з сабою цягаць не будзе: на плячах яе не панясеш. Тая шышка, мабыць, любіла музыку і вазіла гэтую скрыню з сабой, каб было не сумна, каб, настраляўшыся, можна было і пайграць. А можа, думала зацягнуць яе ў сваю Германію, ды прыпякло – і адцуралася. Хопіць з іх, найграліся – цяпер пайграем мы з Санькам.
На самым версе адчыняецца яшчэ адно вечка. Во струн там дык струн! Не тое што на Косцікавай балалайцы. I тоўстыя, як драты, і крыху танчэйшыя, і зусім тоненькія. I па ўсіх гэтых струнах малоцяць невялікія малаточкі. Толькі ў адным месцы малаточкі не варушацца – там, дзе сценка прабіта асколкам.
Зноў ад пераправы пайшлі грузавікі, недзе ў хаце бабка, мабыць, ужо выпаліла ў печы і, зачыніўшы комін, разважае з пагарэльцамі пра жыццё, Глыжка заходзіцца ад кашлю. А мы тут іграем на раялі.
– Блім-блям, бом-бум!
Мы з Санькам не можам найграцца. Світка на мне расхрысталася, Санькава шапка спаўзае на вочы, а чорная, прабітая асколкамі скрыня то жаласліва стогне, то сярдзіта і грозна гудзе, то заліваецца тонкім голасам. Нам так радасна, што Санька аж заспяваў:
Фрыц на дзежцы сядзіць,
А дзежка з порахам!
Тут і мая душа не вытрымала, тут і я разышоўся на ўвесь Брыдкаў агарод:
Хутка дзежка ўзляціць,
Ды разам з ворагам!
У апошні час мы с Санькам нярэдка заводзім песні, і бабка кажа, што выходзіць у нас матыўна, толькі слухаць праціўна. А тут і зусім: мы спяваем сваё, а скрыня сваё. Нашы галасы глушыць густы бязладны звон. Гэты звон ляціць над панурымі голымі вербамі, над зямлянкамі і губляецца недзе ў туманнай, працятай сырасцю далечы.
– Блім-блям-бум-бом!
«Канцэрт» спыніла старая Брыдчыха. Яна выйшла з бліндажа і загрукала качаргой па накаце.
– От я вам пакажу, нягоднікі! От я вам дам!
Потым старая доўга ўглядалася падслепаватымі, слязлівымі вачамі, намагаючыся пазнаць, чые гэта такія музыкі. Не пазнала і разышлася зноў:
– Каб яны веку не дажылі, гітлеры праклятыя, як яны прыцягнулі сюды гэтую хваробу. Каб у іх і на тым свеце так у вушах званіла, як звоняць гэтыя басякі. Каб ім так сатана абедню правіў. Толькі адных адагнала, на табе – другія прыйшлі званары. Ну пасяку я яго! На трэскі пасяку!
I яна рашуча завярнулася ў бліндаж, мабыць, пайшла па сякеру. Яе агарод – яе і раяль. Пасячэ – і нічога не зробіш, хоць і вельмі шкада: такая бліскучая, такая акуратная рэч і так гучна іграе. Адзін ратунак – дзядзька Скок. Можа, ён і забароніць Брыдчысе рабіць з той скрыні трэскі. Усё-такі начальства.
Скок усё яшчэ тупаў пад вярбой. Але цяпер сусед быў не ў гуморы: болей гадзіны стыў на золкім ветры, а парожняй машыны не трапілася. I тут мы яшчэ прычапіліся са сваёй скрыняй.
– Ды няхай сячэ! – не вытрымаў Скок, а потым перадражніў: – Скрыня… скрыня…
Мы пачалі маляваць у паветры рукамі, якое яно, тое чорнае за Брыдкавым свінушнікам, расказваць, якія там