Скачать книгу

з галавой.

      З другога боку яшчэ ложак. Адтуль за мной назіраюць вялікія вочы з доўгімі пушыстымі вейкамі. Калі я павярнуў галаву, вочы сарамліва заплюшчыліся. Па-мойму, гэта дзяўчо. На галаве белая хусцінка, тварык белы, аж празрысты, нават крыху блакітны, а на носе рудзенькія канапелькі. Такія канапелькі могуць быць толькі ў Глёкавай Каці, той самай Каці, якую я даўно недалюбліваў, а пасля апошняй сутычкі ля калодзежа і зусім ненавіджу.

      Калі мы зноў сустрэліся позіркамі, мне зрабілася ніякавата і неяк трывожна. Мне здалося, што Каця чуць прыкметна ўсміхнулася. Чаго ёй смешна? Відаць, яна даўно вось так, цішком, назірае за мною. А я, чаго добрага, як быў без памяці, стагнаў ці, можа, і плакаў. Яшчэ падумае што-небудзь такое…

      Але мае трывогі развеяў доктар. Высокі, шыракаплечы, аж халат на ім не сходзіцца. З аблічча круглатвары, малады, вочы ўвесь час усміхаюцца, толькі валасы зусім белыя. Узяўшыся за маю руку, каб памацаць пульс, ён бадзёра спытаў:

      – Ну што – будзем жыць, герой? Э-э, ты чаго ж так кісла ўсміхаешся? А ну-тка весялей! – А потым абвясціў на ўсю палату: – Не хлопец, а крэмень! Сапраўдны мужчына. Ні ўколаў не баіцца, нічога!

      У мяне аж зайшлося сэрца: усё – будуць пароць. Крадком я паглядваю, якую сястра бярэ іголку, вялікую ці маленькую, і раблю каменны твар. Падумаеш – укол! Чхаць я на яго хацеў.

      Я не бачу, я адчуваю на сабе цікаўны позірк сваёй суседкі. Па-мойму, яна зноў усміхаецца. Дык няхай жа не думае тое дзяўчо, каноплі тыя рудыя, – не войкну. Сапраўдныя мужчыны не войкаюць.

      А выпіць, не зморшчыўшыся, горкае, нібы палын, лякарства – гэта проста дробязь. Шкада толькі, што яна ў гэты момант адвярнулася і, мабыць, не бачыла, як я храбра каўтануў.

      Затое яна войкнула, аж ледзь не заплакала. Паглядзіце – поўныя вочы слёз. I зморшчылася таксама. Дзяўчынкі – што з іх возьмеш? Ім бы толькі цукеркі есці.

      Калі сястра сабрала свае бліскучыя скрыначкі і пайшла далей, Каця ціха спытала:

      – Табе і праўда не баліць?

      – Не, – схлусіў я, не плюснуўшы вокам, – як камар усё адно.

      – Калі б мне так, – уздыхнула яна.

      Знайшла з кім раўняцца! Мы з Санькам да ўсяго прывыклі, не пестуны якія-небудзь.

      I гэтак кожны дзень. Доктар гаворыць, што я – герой, сястра кажа, што я – золатца, і коле мяне ўколамі і поіць мяне горкім, салёным, кіслым і не прыдумаеш яшчэ якім. I кожны дзень я мужна пераношу ўсе выпрабаванні.

      Скончылася гэта напрадвесні. Родны, дарагі Буянчык, кашлаты і карослівы, увесь у мыле, той жа дарогай, якой вёз дзядзьку, цяпер вязе дахаты мяне.

      – Гэй ты яго, варушыся! – весела пакрыквае цётка Марына, распырскваючы вялізнымі гумавымі бахіламі брудныя вясновыя лужыны. I так мне хочацца хутчэй дамоў, хутчэй убачыць бабку, Глыжку, Саньку, што, здаецца, саскочыў бы з санак і пабег трушком.

      А санкі марудна то плывуць па мокрай снегавой кашы, то дзяруць палазамі голы брук. I стараецца стрыгунок, ды воз цяжкі. Чаго-чаго толькі не апранула цётка на мяне, чаго-чаго толькі не наваліла яшчэ зверху, каб, барані бог, не прастудзіўся: і світку, і армяк, і посцілку, пад шапку завязала тонкую хустку, а па шапцы – тоўстую, бабульчыну.

      – Гэй! –

Скачать книгу