ТОП просматриваемых книг сайта:
Пошукі будучыні. Кузьма Чорны
Читать онлайн.Название Пошукі будучыні
Год выпуска 1943
isbn 978-985-15-2425-5
Автор произведения Кузьма Чорны
Жанр Литература 20 века
Издательство Электронная книгарня
– Густаў, Густаў…
Фельчар як бы раіўся сам з сабою і сам сабе ўсміхаючыся:
– Прыехаўшы дадому – адразу забегчы ў сад… – І тут жа растлумачыў, усё не спускаючы з губ усмешкі.
– Густаў… Густаў… – выварочваў немец перад гэтымі людзьмі сваю душу.
Здавалася, што няма на свеце ні вайны, ні выгнанства, а толькі радасць чалавека жыць сваею воляй.
Раптам салдат спахмурнеў, устаў і сказаў:
– Ну, немец, у дарогу.
Немец здагадаўся і таксама спахмурнеў.
Значыцца, і вайна была, і трэба было мець непрыемны абавязак гнаць палоннага чужынца, якога сюды загнала ліха, і трэба было ісці пад канвоем.
Немец памахаў рукой Волечцы, і апошні промень усмешкі патух на яго твары. Салдат апанураў адразу і выйшаў следам за немцам выконваць свой прыкры абавязак. Фельчар устаў, паглядзеў на залатыя рэчы, якія ляжалі на стале, і панура прамармытаў: – Гэта расейскія афіцэрскія рэчы. Эйш, сукін сын, паздзіраў з мёртвых або раненых. – Тут ён убачыў, што на стале ляжыць тое нямецкае пісьмо. Ён стаў яго разбіраць, і многа прайшло часу, пакуль ён сказаў:
– Гэта жах, што ён піша! Ён навек развітваецца са сваім Густавам. Дзіва што ён так узрадаваўся, калі ўбачыў, што жыў астаўся. Ці гэта ён мне гэтае пісьмо даваў, каб я прачытаў яго? Ці яно яму ўжо не трэба? А ліха яго бяры, здам на пошту, няхай ідзе туды, да таго Густава.
Тут пад'ехала фурманка, і хата апусцела. Так гэтыя людзі, якія не ведалі адзін аднаго і перажылі разам момант радасці, сабраўшыся на гэты момант у незнаёмай хаце, разышліся хто куды, кожны ў свой бок. Залатыя гадзіннікі, пярсцёнкі і крыжык ляжалі на стале, і двое маладых людзей, якія стаялі яшчэ перад векам сваім і толькі што выходзілі яшчэ з свайго маленства, не ведалі, што рабіць з гэтым золатам. Можна сказаць, што яны не ведалі і цаны яму. Волечка з непаразуменнем падтуліла плечы і адышлася ад стала, трэба сказаць – задаволеная, што, нарэшце, хата была пустая ад чужых людзей і ніхто ёй не перашкаджае цяпер даіць і карміць карову, прыбіраць у хаце, пазіраць у вокны, ці не сышлі з двара дзве куры, што былі ў яе гаспадарцы. Гэта не гаворачы ўжо аб тым, што адзін за адным ішлі вераснёвыя дні, а ў яе яшчэ не было пасеяна жыта. Пра непасеянае жыта яна і ўспомніла цяпер. Парыў смутлівай заклапочанасці рвануўся ў яе душы. Яна, як сталая, заламала рукі:
– А Божа мой, жыта не пасеяна. А восень ідзе.
– Дык я табе пасею, – сказаў, устрапянуўшыся, Кастусь.
– А хіба ты ўмееш?
– Я раз авёс сеяў, як бацька мой хварэў.
– А калі ж ты думаеш?
– Калі хочаш. Толькі, каб не марудзіць, мне ж трэба яшчэ і ў сваю дарогу выбрацца.
– Хоць заўтра.
– А насенне ёсць?
– Не намалочана. Снапы я звезла, сама і пажала. А сеяў яшчэ бацька.
– Дык я табе і намалачу.
У хвіліны гэтай гаворкі ў яго білася ў жыццё вострае жаданне хоць якім заняткам, хоць якой работай адцягнуць як надалей страшную неабходнасць