ТОП просматриваемых книг сайта:
Пошукі будучыні. Кузьма Чорны
Читать онлайн.Название Пошукі будучыні
Год выпуска 1943
isbn 978-985-15-2425-5
Автор произведения Кузьма Чорны
Жанр Литература 20 века
Издательство Электронная книгарня
– Пачалі – дык трэба канчаць, – сказала яна, і ён з-за ветру ледзьве пачуў яе. Пакуль яны распілавалі хвою на кавалкі, з абаіх ішоў пот, і вецер працінаў іх.
– Садзіся хутчэй на воз і накідайся паверх кажуха маею світай, – цвёрда скамандаваў ён. – А я хуценька завязу цябе дадому, бо захалодзішся.
– Тут жа недалёка, я шпарка пайду.
– Садзіся! – крыкнуў ён, і яна паслушна села. Дома ён загадаў ёй класціся спаць, а сам зноў пагнаў каня ў лес. Калі ён вярнуўся дадому, ужо спявалі пеўні. Разгрузіўшы воз і паставіўшы каня, ён увайшоў у хату ціхенька, каб не пабудзіць яе, і ўбачыў, што яна не спіць, а стаіць ціха, прыпаўшы да аконнай шыбы. Узбуджана яна сказала, што з трывогай чакала яго і баялася якой-небудзь злой прыгоды.
– Не стой, а кладзіся і каб ты мне да раніцы выспалася! А я пайду ставіць каня і прыхаваю ў пуньку бярвенні.
З хаты ён выйшаў не раней як тады, калі яна лягла і сцішылася. Ён доўга важдаўся на двары і ў пуні. Ужо цадзіцца пачынала кастрычніцкае рассвітанне; пеўні галасілі, здавалася, па ўсім свеце. «Ці спіць яна, такая клапатлівая?» Увайшоў у хату і прыслухаўся. Яна цяжка, не так, як заўсёды, дыхала. А ў яго балелі плечы, нылі ногі, цяжэла галава і хіліла на кашаль. З вялікай сілай яго цягнула ў пасцель. Шпарка ён запаліў лучыну і падышоў да Волечкі. Ён здзівіўся – такі чырвоны і неспакойны быў яе твар. Ён стаяў над ёю. Яна раскрыла вочы, і абыякавасць да ўсяго была відна ў іх. Гэта была небывалая ніколі раней рыса ў яе, і ён жахнуўся:
– Волечка, што з табою. Табе што-небудзь баліць?
– Нічога, толькі ў грудзях.
– А больш?
– Больш не, толькі галава.
– А больш нічога не баліць?
– Нічога, толькі ў горле.
– Ну а яшчэ дзе баліць?
– Ані нідзе.
– Дык ведаеш што? Ты ляжы сабе, а я цябе зараз гарачым напаю і памчуся па таго самага фельчара. Ён практык. Той немец вось які хворы быў, а ён яго, як бачыш, падняў. А ты не бойся, хутка ўстанеш.
– А я не баюся. – Бледная ўсмешка прайшла па яе губах. Ён лепш акрыў яе і пайшоў у рух. Перш за ўсё ён падпаліў у печы і зрабіў гарачае ёй выпіць. Пасля, надаваўшы ёй сотню наказаў – ляжаць і не ўставаць, грэцца і чакаць яго з фельчарам, ён зазірнуў ёй у твар і жахнуўся. Няўжо яна так адразу заснула?! Абыякавая да ўсяго, яна зноў цяжка дыхала, твар яе яшчэ больш гарэў, і вочы заплюшчыліся.
– Я буду ляжаць і чакаць, – ледзьве вымавіла яна, і ён, увесь уздрыгануўшыся, выскачыў на двор, дрыжачымі рукамі ледзьве патрапляў перавязваць і перакрыжоўваць вяроўкі, вымошчваючы сядзенне ў возе, запрог свайго каня, свіснуў пугаю і рынуўся ў дарогу. Цяпер конь яго ўжо не быў той здарожанай, хоць і маладой,