Скачать книгу

з бору за некалькі стаяў прыносілі яловыя галіны і накрывалі будан.

      Увечары паўмесяцам стаў аднасхільны дах – доўгі, на адзінаццаць сажняў. Унутры зямлю разраўнялі і мякка накрылі лісцем. Частку занялі дзяўчаты, частку – мужчыны. Пасярэдзіне, на лініі, дзе збліжаліся рогі паўмесяца, з некалькіх камянёў склалі вогнішча.

      – Не такі страшны чорт, як яго малююць, – гаварыў стары Трызна, якога абралі кухарам, робячы гарбату. – Калі працаю не вельмі нагрузяць, можна і жыць у тых акопах, бо чаго яшчэ трэба? Усе свае тут, разам, во хату збудавалі – любата, у Лошы габрэі для нас быкоў рэжуць, пекары хлеб пякуць, чаго ўжо болей. А найважней усё ж – што мы тут усе свае, і калі малітву якую прачытаць або пагаварыць па-свойму, дык ужо ніякі мужык-канакрад не перадражніць. Дай Божа здароўя таму ўзводнаму!

      – Не ўзводнаму трэба дзякаваць, а фельдфебелю, бо я яго прасіў, – паправіў Казік. – Узводнага ён прыслаў.

      – Але ж той узводны і ладны хлопец, – казала тым часам Кася Сцяпура сяброўкам.

      – І мне спадабаўся, паганец, – прызналася Полька Вінярская.

      – Гожы як малінка і да таго ж унцер, – дадала Зоська Ладан.

      – Ды што з таго, што унцер і ладны, ён жа рускі, – уставіла Ганка.

      – Замуж за рускага я б ніколі не пайшла, але калі б ён пачаў за мною ўпадаць, то ахвотна б з ім закруціла, – паведаміла Кася. – Вось каб мужычкі зайздросцілі.

      – А па-мойму, не трэба рака – дык не мачы фрака, – запярэчыла Ганка.

      – Адкуль вы ведаеце, можа, ён і паляк! Ён жа да рускага зусім не падобны, – сказала Каруся.

      XVIII. Лагодны начальнік

      Назаўтра раніцай прыехалі на возе два сапёры, падзялілі паміж арцеллю прылады і адправілі працаваць. Пачалося капанне равоў па вызначанай лініі, закіпела работа па ўсім беразе Бярэзіны. Замест ранейшых крыкаў, спеваў, музыкі па дуброве разнеслася рэха сякераў, застукалі кіркі, загучалі каманды.

      Пры кожнай арцелі стала па два адмыслоўцы-сапёры, да таго ж увесь час падыходзілі ваенныя інспектары, геаметры, інжынеры. Усе патрабавалі акуратнасці, але работнікаў не падганялі.

      Неўзабаве з’явіўся і знаёмы смалерчукам узводны. Крыху паразмаўляў з сапёрамі, абышоў пачаты роў, пільна сочачы за працай, а яшчэ больш – за працаўнікамі, і нарэшце спыніўся каля Полькі. Яна пачала завіхацца старанней.

      – Не спяшайцеся, барышня, не трэба, а то ручкі намазоліце, – сказаў ён.

      – Не намазолю, я зямлю не першы раз капаю.

      – Бачу, што не першы, але барышні трэба пазбягаць празмернай стомы, каб пекнаты не паменшала.

      – Мой нарачоны мяне не кіне, хоць бы і змарнела зусім.

      – Нарачоны? А гэта хто? Пакажыце мне яго, і я скажу, ці варты ён вашай красы.

      – Яго тут няма, на вайне ён, небарака, ужо амаль год гаруе, – і Полька ўздыхнула.

      – І праўда небарака… – прамармытаў сабе пад нос узводны і пакрочыў уздоўж акопа, ласкава загаворваючы з дзяўчатамі. – Барышня, бярыце трохі наўскасяк, прама не трэба, а то сцяна абваліцца можа, – звярнуўся ён да Карусі. – Ат, дайце лапату,

Скачать книгу