Скачать книгу

крыкнуў Здановіч Пятроўскаму. – Хочаш няшчасце на засценак наклікаць? Прэч!

      А Сцяпура звярнуўся да ўрадніка:

      – Успакойцеся, барын. Гэта дурань, ён сам не ведае, што вярзе. Вы права лепей за нас ведаеце, і мы зусім не збіраліся з вамі, з уладай, задзірацца. Дык давайце зробім так, каб і воўк быў сыты, і авечкі цэлыя. Вы нам школу пакіньце, а мы вам насыплем чатыры мяхі аўса – первый сорт!

      – Не магу, гаспада, станавы прыказаў закрыць.

      – Можам яшчэ мех антонавак насыпаць, – дадаў Кантычка.

      – І бачурку мёду наліць, – уставіў Здановіч. – Астаўце, барын, нам школу. Трэба ж недзе дзяцей вучыць.

      – Хоць гару золата насыпце – а ўсё адно мушу закрыць вашу школу. Магу толька учыцялей пакуль на свабодзе аставіць. Вон, дзеці!

      XVII. Жахі вайны

      Вайна шалела. Мабілізоўвалі ўсё маладзейшых рэзервістаў і рэкрутаў, рэквізавалі коней, быдла, збожжа, корм. Незлічоныя палкі маладзёнаў ішлі на жудасную разню, чалавечы здабытак чакала марнае знішчэнне. Неба палала нязгасным зарывам, зямля грымела нямоўкным грукатам, стагнала благаннем, плачам, праклёнамі. Кроў цякла ракой, людзі гінулі як мухі. Вынаходлівы і спрытны ў баі вораг адным махам разбіваў цэлыя палкі і дывізіі, якія падстаўляла пад удар бяздарнае і прадажнае расійскае кіраўніцтва, ператвараў іх у кучы трупаў і цэлыя палкі і дывізіі браў у палон і мардаваў іх потым голадам. Вынішчаў шматмільённае войска і ўпэўнена пасоўваўся наперад. Ад самай татарскай навалы Польшча не зазнавала такога татальнага вынішчэння. Вёскі рабіліся папялішчамі, гарады – руінамі, а людзі, гнаныя казацкімі нагайкамі, ішлі бадзяцца па свеце. І нібыта гэта ад бітвы з германцам ратавалі падданых «клапатлівыя апекуны», але сваім ратункам толькі рыхтавалі ім няшчасці. Паспешлівасць, з якой звычайна высялялі, бязладдзе ў адміністрацыі, недахоп дарог – усё гэта прыносіла больш смерцяў, чым пяціразовы пераход лініі фронту. Людзі душыліся ў натоўпах, падалі ад знясілення, голаду і хваробаў.

      Восенню 1915 года Бабруйск стаў сведкам жахлівых трагедый. Гасцінец, вуліцы, абедзве чыгуначныя станцыі, валы крэпасці, палігон – усё ператварылася ў кірмаш ляманту і роспачы. Усюды вазы, куфры, натоўпы змарнелых і галодных людзей, паўдохлыя коні і быдла, з усіх бакоў – благанне ежы і міласэрнасці.

      – Чалавеча! – чаплялі няшчасныя мясцовых мінакоў. – Дайце хлеба, есці хачу. Чалавеча, купіце каня, воз купіце, машыну швейную, падушкі, кажух! За дваццаць рублёў пародзістую кабылу прадам! Машыну за пяць рублёў! Падушкі за рубель! Злітуйся, чалавеча, купі! Дзеці ад голаду паміраюць.

      Усё, што маглі, прадавалі, канькалі, як удавалася – кралі, рабавалі: у голаду няма ні страху, ні сораму. Жывёлы абгрызалі дрэвы, хапалі пясок. Плач дзяцей і жанчын, крыкі мужчын і жаўнераў зліваліся з іржаннем коней і рыканнем кароў у такое выццё, ад якога валасы ўставалі дыбарам.

      Хоць бы хто спытаў ва ўладаў: навошта ўсіх сабралі ў адным месцы, калі не падрыхтавалі ні харчавання, ні прытулку? Чаму людзей хаця б не скіравалі малымі вясковымі дарогамі, дзе лягчэй было б знайсці пасілак для сябе і худобы?

      Каму

Скачать книгу