ТОП просматриваемых книг сайта:
Восень у Вільнюсе (зборнік). Маргарыта Прохар
Читать онлайн.Название Восень у Вільнюсе (зборнік)
Год выпуска 2014
isbn 978-985-02-1604-5
Автор произведения Маргарыта Прохар
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Горад у тумане, уздыхаеш – і бачыш сваё дыханне. Дым ад цыгарэты не ідзе ўверх – ахутвае цябе, сцелецца вакол. Удалечы нічога не бачна, акрамя расплывістых вечаровых агнёў.
Я стаю на прыпынку і думаю: цікава, пра што гавораць людзі ў гэты халодны восеньскі вечар?
Маладыя смяюцца: нешта пра раскладушку, якая падае і разломваецца на дзве часткі ў самы непадыходзячы момант.
Сямейная пара абмяркоўвае, што купіць на Новы год у падарунак знаёмым.
Людзі клапоцяцца пра навагоднія святы, а мне цяжка перажыць нават восень.
– Пачку цыгарэт, калі ласка.
– Рэшту забярыце.
Галасы, галасы, галасы – аб чымсьці сваім, аб чымсьці…
… я такі фільм глядзеў!..
…не глядзі ў яе бок, што ты вылупіўся, як…
…сукенка, такая зялёненькая, прыгожая. Я проста паміраю…
…што ты бубніш на хаду, як…
…стары тралейбус. Трасецца… У мяне ў сумцы з вінаграду – каша.
…купім ім лепей цукеркі, яны танней, чым гэтае праклятае люстэрка, – працягвае абмеркаванне тая сямейная пара.
Ніхто не заўважае восені. А я раптам зразумеў, чаму яна ў гэтым годзе асаблівая. Яна аранжавая, гэтая восень. Светлааранжавая… Жоўты і чырвоны колеры зліваюцца ў адзін – і таму восень аранжавая… І я, атрымліваецца, еду на работу ў гэтай аранжавай восені…
Недзе і ты жывеш без мяне ў гэтай аранжавай восені. А я? Ты можаш спытаць, чым я жыву без цябе? Успамінамі. Назіраннямі і ўспамінамі, паколькі ўспаміны – гэта мае назіранні за табой і сабой у мінулым…
Прыехаўшы на студыю, заходжу ў бар. Вера ўжо спявае. Я хітаю ёй і сядаю за столік, заказаўшы каву.
– Прывітанне, артыст!
Я паварочваюся і заўважаю свайго суседа.
– Прывітанне, патолагаанатам! Што ты тут робіш? А, зразумела, – кажу я, заўважыўшы яго погляд у бок Веры.
Прыносяць маю каву. Я імкнуся хутчэй выпіць яе – да працы лічаныя хвіліны. І пакідаю свайго суседа на паляне нязбытнага кахання.
У студыі бедлам: усе носяцца, бегаюць, нешта крычаць. Больш за ўсіх крычыць наш рэжысёр.
Я стаю, нічога не разумеючы. Але і не ўмешваюся: у рэшце рэшт мая справа – маленькая: усяго толькі агучаванне цітраў.
Нарэшце, наш рэжысёр заўважае мяне.
– Ідзі, ідзі! – махае ён рукамі. Я нічога не разумею.
– Ідзі дамоў! Сёння ўсё накрылася медным тазам. Камп’ютары глючаць, генератар здох.
«Ну і справы!» – думаю я, выходзячы, яшчэ не зразумеўшы, рады я, ці наадварот. Хутчэй, крыху разгублены, як усякі чалавек, што настроіўся на адно, а атрымаў зусім іншае.
І я не ведаю, куды мне пайсці. Напэўна, пайшоў бы ў бар крыху паслухаць Веру, але там – мой сусед, і я не хачу ўмешвацца ў чужыя адносіны.
Калі я зусім сабраўся выходзіць на вуліцу, да мяне падбегла Вера.
– Ты кінула свайго паклонніка?
– А табе што, шкада яго?
– Ну, урэшце, відаць так, паколькі ён мой сусед. І неблагі