ТОП просматриваемых книг сайта:
Восень у Вільнюсе (зборнік). Маргарыта Прохар
Читать онлайн.Название Восень у Вільнюсе (зборнік)
Год выпуска 2014
isbn 978-985-02-1604-5
Автор произведения Маргарыта Прохар
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– Не хочаш падзарабіць?
– Не.
Магчыма, мая адмова гучыць груба, і Вера пакрыўджана фыркае.
– Сапраўды, каму я прапаноўваю!
Але тут я ўспамінаю пра карціну і свой пусты кашалёк.
– Хаця, пачакай. Што за праца?
– Ты здрадзіў сваім прынцыпам? Я хутчэй паверу, што Віктар уступіў у таварыства цвярозасці і раздае на дабрачынных акцыях цёплыя шкарпэткі бабулькам.
Яна смяецца. Мне падабаецца, калі яна смяецца. І я тады ўсміхаюся.
– Я купіў карціну і застаўся без грошай. Усё проста. У мяне няма нават на трамвай.
– А што за карціна?
– А што за работа?
У гэты момант мы падобныя да дзяцей, што імкнуцца паспрачацца, ведаючы, што ніхто ад гэтага не выйграе, але і не здасца першым.
– Калі-небудзь пакажу. Карціны трэба глядзець – пра іх няма сэнсу гаварыць словамі.
– Ну, работа – не карціна, пра яе можна расказаць словамі і ўсё ўявіць даволі дакладна. Карацей, масоўка, але плацяць добра. Заўтра да абеду будзь ужо ў студыі. Я таксама прыеду, пазнаёмлю цябе з адным чалавекам.
– Добра.
– І вon voyage!
– Ты сёння не чакаеш машыны?
– Не.
– З’явіўся багаты паклоннік?
– Калі б. Хоць я і дарэмна сказала. Мог бы і праявіць крыху рэўнасці.
– Ты ж ведаеш, Вера…
– Ведаюведаю! – нецярпліва перабівае яна мяне. – Я проста какетнічаю. Маю я на гэта права?
– Звярніся да канстытуцыі. Думаю, ты знойдзеш там што-небудзь падыходзячае.
– Абавязкова. Прыеду раніцай і адразу ж пачну шукаць.
– Ты з’язджаеш на ўсю ноч?
– Так, знаёмы запрасіў – паспяваць на вяселлі.
– Тады да сустрэчы. Не пі многа.
– Добра, татачка!.. – яна смяецца – лёгкалёгка – і выбягае з бара.
Я закурваю новую цыгарэту. Такім чынам, заўтра масоўка. Што ж, не самы дрэнны спосаб зарабіць грошы.
Калісьці ў мяне было ўсё, аднак менавіта тады мне хацелася, каб прыйшоў хтосьці і забраў гэта ўсё, як мой падарунак. Хтосьці вельмі дарагі, вельмі любімы…
Можа, ад таго, што ў мяне шмат было, мне лягчэй аказалася стаць бедняком. І, відаць, мяне цяпер крыху забаўляе гэтая гульня на выжыванне. Гэтая ўбогая кватэра, п’яны двор, мізэрныя рублі ў кішэні. Я нібыта назіральнік над сабой – знешнім і ўнутраным. Часам мне здаецца, што я і жыву ў квартале тых, каму напляваць на жыццё. Раней здавалася: як жыць без канапы, мяккага вугла?.. А прыгожая імпартная секцыя з крыштальнымі фужэрамі?.. Не, без гэтага ніяк. А сервізы?.. Аднак, аказалася, без усяго гэтага можна жыць. Было б на чым спаць і што есці.
Гэта ў мяне яшчэ ёсць. За гэта я пакуль спакойны. Не хапае мінімальнай уладкаванасці ўнутры. Я чакаю чагосьці, што павінна вярнуць мне мару, веру ў шчасце, але гэтага не адбываецца. Нічога не адбываецца. Над горадам вісіць ноч, нібыта старое чорнае пакрывала, узятае напракат у пахавальным бюро. Чутна, як цяжка разварочваецца ў нашым вузкім і захламленым двары студыйная