ТОП просматриваемых книг сайта:
Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік). Анатоль Кудравец
Читать онлайн.Название Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік)
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7089-89-5
Автор произведения Анатоль Кудравец
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»
Издательство Электронная книгарня
Потым раптам дыму не стала. Так было дзень, другі… Трэцім днём Ніна сказала мужыку: «Схадзі паглядзі, ці не захварэў ён».
Мужык не сказаў нічога, сабраўся і пайшоў.
Дзверы зямлянкі адчыняліся ўсярэдзіну. Яны былі зашчэплены. Трактарыст быў чалавек цяжкой сілы, націснуў плечуком – зашчапка і адскочыла.
Прывучыўшы вочы да паўзмроку зямлянкі, трактарыст убачыў свайго саперніка. Той ляжаў пад клятчатай саматканай коўдрай на тапчане, які служыў яму і лаўкай, і ложкам. Відаць, ён не даў добра перагарэць вуголлю, рана зачыніў юшку і рана лёг спаць.
І цяпер ён ляжаў ціха, як можа ляжаць толькі мёртвы.
Пахавалі яго на мясцовых могілках, на пагорку. Могілкі былі недалёка ад школы, і людзі сказалі: «Ён любіў глядзець на школку, хай і цяпер глядзіць».
– Ты быў на пахаванні? – спытаў я ў Міколы. Яго расказ глухой удаўкай узяў мяне за сэрца.
– Не быў. У яго паперах знайшлі толькі адрас маці. Яна адна і была.
– Давай з’ездзім да яго.
– Давай. Вось толькі трошкі разграбуся з клопатамі. Пачаў шаляваць дом – трэба неяк скончыць. Я ж куркуль, – усміхнуўся Мікола. – Дом, сад, агарод. Прыедзеш як-небудзь – пабачыш. – І праўда, Мікола быў не толькі добры доктар, але і добры гаспадар.
Мы разышліся. Кожны панёс у душы свой жаль і сваё адчуванне вінаватасці.
Мінула паўгода, потым яшчэ паўгода. Думкі пра Віктара і яго страшную смерць не пакідалі мяне. А паездка наша з Міколам усё адкладвалася і адкладвалася.
Неяк я перабіраў кнігі на антрэсолях і наткнуўся на два тоўстыя цяжкія фаліянты – Віктаравы слоўнікі. З хваляваннем і нейкім страхам узяў у рукі адзін з іх, сеў за стол, пачаў гартаць. То быў арабска-рускі слоўнік. Я перагортваў старонку за старонкай, стараючыся саўладаць з хваляваннем, імкнучыся пранікнуць у магічную таямніцу арабскіх пісьмёнаў – гэтых дзіўных карункаў на белым полі паперы. Такія непадобныя на нашы знакі, а гавораць тыя ж самыя словы, тыя ж паняцці.
Недзе ў самым канцы слоўніка між прыжоўклых ад часу старонак ляжаў акуратна пераламаны надвое аркушык белай паперы. Па краях ён таксама набраў колер пергаменту. Я разгарнуў яго. З верху да нізу ён быў спісаны акуратным, крута нахіленым Віктаравым почыркам.
«Добрага дня табе, мая дарагая!
Часам мне здаецца, што я нічога не ведаю – ні што некалі было, ні што некалі будзе. І дзіўлюся з сябе, сталага чалавека, рэаліста, не летуценніка. Раптам мне, не гаваруну, захацелася гаварыць, абы з кім, але гаварыць. Гаварыць пра літаратуру, пра гісторыю, пра нашу бедную зямлю. Пра сябе, пра ўсё, што бачыў, чым жыў, чым жыву. І ўсё гэта таму, што ўбачыў колькі слоў, напісаных тваёй рукой. Колькі слоў, а ўсё перавярнулася, усё стала па-новаму хораша і прыгожа.
Хочацца гаварыць, хоць я і не ведаю, ці гэта я гавару з табою, ці сам з сабою.
Ты для мяне – як хата з зачыненымі дзвярыма.