ТОП просматриваемых книг сайта:
Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік). Анатоль Кудравец
Читать онлайн.Название Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік)
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7089-89-5
Автор произведения Анатоль Кудравец
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»
Издательство Электронная книгарня
– Шукала.
– Трэба і яе зразумець: дзяўчыне хочацца сям’і, нейкага ладу, пастаянства.
– А дзе яно, гэта пастаянства? У мяне яго няма. І ці будзе калі? Мой сусед у Селішчы любіць паўтараць: «Маленькі сабачка заўсёды шчанюк». Так і я: гаў-гаў-гаў.
Я зразумеў: ён зноў збіваў гаворку на несур’ёзнае. Ляглі спаць. Студэнты, як і салдаты, засынаюць імгненна і спяць моцна.
Калі я прачнуўся, Віктара ў пакоі не было. На маёй тумбачцы ляжаў загорнуты ў газету, перавязаны тоўстым шпагатам пакунак. Я добра ведаў, што ў ім, але цяпер у мяне не было часу для сур’ёзнага чытання, і я засунуў яго на антрэсолі – у суседства са старымі канспектамі, кантрольнымі работамі і падручнікамі. Туды ж я паклаў і два тоўстыя слоўнікі: хіндзі-рускі і арабска-рускі. Толькі адзін Віктар ведаў, навошта яны былі яму.
Летнімі канікуламі ў інтэрнаце рабілі нейкі паспешлівы рамонт, вычысцілі ўсе куткі і закуткі. Разам з канспектамі і кантрольнымі прапаў і пакунак з трыма Віктаравымі агульнымі сшыткамі. Можа, назаўсёды, а можа, дзе-небудзь яшчэ знойдзецца. Бо слоўнікі знайшліся, захаваліся ў мяне і па сённяшні дзень.
З год Віктар не аб’яўляўся. Ад Буракоўскага я чуў, што ён працягваў адчайна ваяваць, каб вярнуць сваёй школе беларускую мову. Праўда, ваяваў ён цяпер з другім дырэктарам. Былы палітрук з «дагістарычнай іскупаемай» некуды з’ехаў.
Маё жыццё крута павярнулася ў бок практычнай журналістыкі. Мне прапанавалі месца ў газеце, і я з ахвотай пайшоў туды: жыць на скупую студэнцкую стыпендыю і выпадковыя заробкі было ўсё цяжэй. І вось аднойчы адчыняюцца дзверы закутка, дзе я сядзеў, і заходзіць Віктар. Худы, сухі, запалыя вочы, але ўсмешка ўсё тая ж – зубы на продаж. Недарагі шэры касцюм, кашуля без гальштука – іх ён не любіў ніколі, – і ўсё нібы з чужых плячэй. Памяць мая адразу вярнула педвучылішча, той светлы дзень, калі Віктар выйграў на аблігацыю і частаваў мяне півам. Тады ён быў таксама ў шэрым касцюме, але які гэта быў касцюм і як ён пасаваў яму!
– Іч, рассеўся, як пан, – загаварыў ён нязлосна, павёўшы вачыма па стале, за якім быў я. Нібы нязлосна, але падкалоў мяне.
– Ага, – пагадзіўся я. Стол сапраўды быў ёмкі, на дзве тумбы, і сядзець за ім мне падабалася.
– Лепей бы пасобіў мне Ніну знайсці.
Я не ведаў, што і чаму «лепей», і хацеў ужо пачаць высвятляць, але Віктар сам апярэдзіў пытанні:
– Звольнілася са сваёй школы і паехала. Куды паехала – нікому не сказала. Спрабаваў дазнацца ў яе бацькоў – не гавораць. Адно выведаў, што некуды ў Гродзенскую вобласць. Але ж вобласць – гэта вобласць.
Яно так. У вобласці – раёны, у раёнах – сельсаветы, у сельсаветах – школы. Але…
– А ў аблана ты не цікавіўся?
– Дзе тое аблана. Табе ж прасцей, ты не які там, ты – з газеты. Вазьмі трубку, пазвані ў міністэрства ці ў тое ж аблана – і табе скажуць. – Нейкая раздражнёнасць, нават грубасць чуліся ў яго голасе. Нібыта я нечым перад ім правінаваціўся.
Я пачаў званіць. Нічога путнага мае званкі не далі. Адно з Гродна