Скачать книгу

ў невясёлы свой роздум, я і не зразумела адразу, што гэта да мяне звяртаюцца.

      – Маё імя – Ксенія! – прагаварыла я абыякава. – А ты… як, дарэчы, тваё імя?

      Калі шчыра, мне было глыбока напляваць, як завуць гэтага хлопца, тым больш што я і так ведала ўжо ягонае імя: Канстанцін. Але ж ён быў самым звычайным чалавекам і таму зусім не падыходзіў на ролю кандыдата, а ўсё астатняе…

      Усё астатняе проста не мела аніякага значэння…

      – Запамятай! – рэзка (магчыма, занадта рэзка) прагаварыла я. – Нічога гэтага не было!

      І, павярнуўшыся, не пайшла нават, пабегла прэч. І заплакала, упершыню за апошнія некалькі гадоў. Бегла і плакала, плакала і бегла… І праклінала ў душы гэтую дурную сістэму адбору…

      Тамара Бунта

      І чакана, і гадана…

      «…А яшчэ раскажу табе пра адно дзіва: Люська аб’явілася! – паведамляла маці ў апошніх радках свайго пісьма. – Прыслала Ленцы паштоўку да дня нараджэння ажно з Фінляндыі, а потым – грашовы перавод на тысячу долараў! Успомніла мамачка пра дачушку, калі старасць прыйшла. Напэўна, хутка сама заявіцца…»

      Я адклала ўбок ліст, спісаны прыгожым настаўніцкім почыркам. Калісьці ў педвучылішчах будучых настаўніц малодшых класаў вучылі каліграфіі, каб умелі прыгожа пісаць на дошцы і ў вучнёўскіх сшытках, і гэта ўменне яны захавалі на ўсё жыццё. Почырк ім не сапсавалі нават шарыкавыя ручкі. Мая мама заўсёды пісала – і лісты, і кароткія запіскі – прыгожа і акуратна. Мама наогул любіла эпісталярны жанр. Нават цяпер, калі лягчэй і хутчэй было б звязацца са мной, хай сабе не па інтэрнэце, а хаця б па тэлефоне, яна штотыдзень пісала мне лісты, дзе падрабязна паведамляла пра ўсе апошнія навіны, якія адбываліся ў нашым райцэнтры. І якая радасць была мне атрымліваць тыя белыя канверцікі!..

      Люська аб’явілася – сапраўды дзіва! Мы ўжо і думаць-гадаць пра яе забыліся, жывая ці не, а яна, бач ты, не толькі жывая-здаровая, дык яшчэ і за мяжой, і, мусіць, някепска ўладкавалася!…

      Люська з’явілася на нашым завулку дзесьці напрыканцы шасцідзясятых і нарабіла пярэпалаху. Мы, тады яшчэ малыя дзеці, бегалі за ёю, бы за нейкай цыркачкай-камедыянткай. Яшчэ б – дзеўка ў штанах!.. Такога дзікунства насельніцтва завулка раней не бачыла, а тэлевізараў у нашых хатах тады амаль не было. Штаны на ёй былі шырачэзныя ўнізе, «клёшы», так іх называлі, і Люська, ідучы, расстаўляла ногі шырока, бы матрос на палубе, але ўсё роўна заграбала імі пясок на дарозе. Да таго ж на галаве ў Люські былі неверагодна кудлатыя, нібы ў лялькі, светлыя валасы. Я ўпершыню тады пачула новае слова – парык.

      Люську прывёз з арміі наш сусед Шурка. Шурка служыў у Рызе, у марфлоце, ажно тры гады. Маці яго, Міроніха, вельмі чакала хлопца з арміі – дзве ж дачкі яшчэ падрасталі. Спадзявалася, што сынок вернецца, пойдзе працаваць і дапаможа сясцёр вывучыць і аддаць замуж. А ён жонку з малым дзіцем прывёз! Ды такую, што ні да чаго не здатная!.. Ні кашулю мужу памыць, ні падлогу падмесці, ні нават кашу свайму дзіцяці зварыць. «Што ты зробіш – не было яе каму навучыць: дзетдомаўская», –

Скачать книгу