ТОП просматриваемых книг сайта:
Усё ўлічана. All inclusive. Сяргей Календа
Читать онлайн.Название Усё ўлічана. All inclusive
Год выпуска 2014
isbn 978-609-8147-14-8
Автор произведения Сяргей Календа
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Цырульнік вырашыў, што калі сёньня швэды ізноў прыйдуць, ён, напэўна, трахне іх і за меншыя грошы, яшчэ да таго, як яны пасьпеюць зжэрці свае кантынэнтальныя сьняданкі.
Сцэнарыстка
У ружовай рэстарацыі на трэцім паверсе гатэлю, зачыненай для ўсіх, акрамя пастаяльцаў, сёньня насычаны графік: другі дзень запар здымаюць нейкі безгустоўны расейскі сэрыял пра мянтоў… Дзея адбываецца падчас абеду ў пажадана цалкам невядомай для гледача прасторы, галоўныя героі – ён (мяркуючы па ўсім, забойца) і ён (мяркуючы па ўсім, бязьвінны, але чамусьці гэтаму ніхто не дае веры)… Сцэнар тупы й просты – падстава ў забойстве бязьвіннага чалавека… Здымаюць усё ў Менску, бо ў Беларусі зьняць сярэдненькі расейскі фільм альбо сэрыял у пяць разоў таньней, чым у расейскай глыбінцы, дзе кошты накручваюць тоўсты губэрнатар і мясцовы мэнталітэт.
З аднаго боку тут, на здымачнай пляцоўцы, паўсюль адчуваецца эканомія спонсарскіх грошай – ад танных плястыковак і запаранай кавы “Жокей” у тэрмасах да непадрыхтаванага пэрсаналу, а з другога – усе паводзяць сябе, як барчукі са сваім імпэрыялізмам.
Па ўсіх законах эканоміі выпісваць сцэнарыста з Масквы ня сталі, хопіць галоўных актораў, якія абыходзяцца, як цэлы полк масоўкі для ваеннага фільма, таму сцэнарыста шукалі ў Менску. І знайшлі. Галіна Фэліксаўна адпісала сцэнар паводле пляну, як мае быць, выклалася выдатна, хутка, чыста, прафэсійна й на тыдзень раней за тэрмін. Галоўны рэжысёр запрасіў яе на здымачную пляцоўку, трэба было пабачыцца, пагутарыць, пазнаёміцца, расплаціцца… І гэта, як выявілася, было памылкаю ад самага пачатку…
У рэстарацыі зьявілася жанчына невядомага ўзросту ў чорным ваўняным кажуху, у хустцы, з чырвоным тварам, з саплямі на верхняй губе, зь вялікімі чырвонымі вачыма, позірк якіх блукаў па прасторы. Яна зрабіла колькі крокаў у бок апэратара й спынілася каля актораў. Крочыла яна цяжка, хада ў яе была напорыстая, ногі тоўстыя, круглыя, як ружовыя калёны ў рэстарацыі, абутак быў стаптаны й хутчэй нагадваў штосьці самаробнае, спадніца ледзь праглядала чорным краем з-пад кажуха. У адной руцэ жанчына трымала чорную торбу, а ў другой шэрыя варэнкі, якімі час ад часу дакраналася да сьлязьлівых вачэй і носу, зь якога няспынна цяклі зялёна-празрыстыя соплі. Галіна Фэліксаўна – ва ўсёй прыгажосьці й неадэкватнасьці.
Як яна патрапіла ў гатэль, як прайшла праз ахову, як паднялася ў рэстарацыю?! Мэнэджар на гэта даў дабро па тэлефоне. Ён толькі прыйшоў на працу й меў загад пускаць праз цэнтральны ўваход усіх асобаў, якія задзейнічаныя ў працэсе кіназдымкаў, так было прасцей, бо