ТОП просматриваемых книг сайта:
Ева ў пошуках Адама (зборнік). Коллектив авторов
Читать онлайн.Название Ева ў пошуках Адама (зборнік)
Год выпуска 2016
isbn 978-985-02-1690-8
Автор произведения Коллектив авторов
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Вера. Надзея. Любоў
Издательство Электронная книгарня
У дзень твайго нараджэння пад тваім балконам спявалі П’еро і Каламбіна ў карункавых каўнярах. З клетак выляталі галубы. Вось ён – твой пясочны гадзіннік. Усё – проста!
Ты ўжо збілася з ног у пошуку свайго сапраўднага, адзінага, сваёй палавінкі (як і кожная), і раптам – ён з’явіўся! Можа, ты зноў памыляешся, як і раней…
Але ж размова пакуль не пра гэта. Так, можа калісь вы разлучыцеся… Але ж – зноў! – размова пакуль не пра гэта. Яшчэ рана. Яшчэ не час. Пакуль вы ўдваіх – ты і ён – шчаслівыя… І вам не стае часу для размовы, для жартаў, для пацалункаў… Цэйтнот.
Так, калісь, напэўна, ён вырашыць нарэшце ажаніцца з маладой і прыгожай, якой не патрэбны агурковыя маскі і плакаты «Не смей есці!». І яна народзіць яму сына або дачку. І ўсё будзе добра. Усё пакоціцца па сваіх рэйках. Яму зноў быць шчаслівым – толькі з іншай. Табе – успамінаць… Але ж гэта будзе потым, пазней. Яшчэ не час. І гэта ўсё – выкрычыш… Хіба ж ты першая, што рвала маліну ў чужым маладым садзе?…
Яшчэ не перагарнулі вы апошнюю старонку сваёй аповесці з журботным канцом. І будзе адзін-адзіны мужчына, які прыйдзе суцешыць цябе і падтрымаць – твой сын. Ён прынясе свае новыя вершы (пра ключы, якія адчыняюць нейкі самы галоўны пакой твайго сэрца, адну часцінку быцця жанчыны, або – пра дырыжаблі, у якіх ты лятала і бачыла зямлю не так, як усе іншыя). Ён усё разумее. Бо сам паспеў апячыся аб каханне. Але што гэта мяняе? Каханне – дзівоснае, цудоўнае свячэнне. У глыбіні цемры залатыя пчолы нараджаюць бурштынавы мёд… У гэты час ніхто ні пра што не думае – проста ідзе, ляціць на залаты колер. І нясе з сабою, па сваёй долі…
Але ж, калі тваё паліто без кішэняў, куды пакладзеш скарбы?…З сабою нічога нельга забраць, калі няма кішэняў,– ні востры пах начных фіялак, які зводзіць цябе з розуму, ні тугу Айседоры Дункан, ні вернасць булгакаўскай Маргарыты.
Што ты можаш зрабіць? Адмовіцца ад комплексу Евы? Ад самой сябе? А можа, наноў усвядоміць першаісны змест Евінай душы, якая жыве ў кожнай: жанчына павінна быць побач з мужчынам. І ў гэтым сэнс яе жыцця. Ад гэтага нараджаюцца дзеці. Цвітуць каштаны. Мароз малюе на шкле беласнежныя камеі. Гучыць музыка. Мадонна з дзіцем смяецца з карціны. Вымытая бялізна пахне лавандай. Знікае пыл на мэблі. Суседзі не лаюцца. Няма ні тугі, ні самоты. Ні журботных думак, ні веры ў дрэнныя прыкметы.
Ты не спіш. Ты думаеш і плачаш. І смяешся. Як і кожная з тваіх сясцёр у такую або ж падобную да гэтай ноч. Калі чакае. Калі спадзяецца. Калі верыць…
Ты перабіраеш пражытыя дні і гады, гартаеш іх, як кнігу, пад пах начных фіялак (кветкі гэтыя як закладкі паміж старонак тваёй долі).
Мінулыя словы і нястрыманыя абяцанкі. Забытыя вочы колеру кавы (ці забытыя?). Тэлеграфы, вакзалы, мелодыі «АBBA», ад’езды, прыезды і сустрэчы. Голуб, які заляцеў да вас праз расчыненыя дзверы балкона і важна хадзіў па пакоі…
Ты даравала. Адчыняла і зачыняла дзверы.