ТОП просматриваемых книг сайта:
Ева ў пошуках Адама (зборнік). Коллектив авторов
Читать онлайн.Название Ева ў пошуках Адама (зборнік)
Год выпуска 2016
isbn 978-985-02-1690-8
Автор произведения Коллектив авторов
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Вера. Надзея. Любоў
Издательство Электронная книгарня
Твой князь быў падобны да Хемінгуэя. Ты так і называла яго. Пры ім была барада, люлька і байкі пра замежныя падарожжы (у кожнага мужчыны ёсць свае байкі). Ён упэўнена цытаваў Сакрата і Сартра, спакушаў цябе вытанчанымі напоямі і ежай «ад гурмана». Абяцаў звазіць цябе ў сталіцу, у оперны тэатр на «Хаваншчыну». Опера цябе зусім не цікавіла, ты хацела б пабачыць якісь (адзін са шматлікіх, гастрольных) спектакль Вікцюка. Ні на «Хаваншчыну», ні на Вікцюка вы так і не паехалі: заўжды білеты раскуплялі без вас… Вам чамусьці нічога не даставалася, ніякіх білетаў на казку… Ён быў мужчынам на будзённы дзень. А на ўсе святы яго не было: ён ехаў да былой жонкі і сваіх дзяцей. І гэта было правільна. І было правільна, што ты заставалася адна сярод свят.
Спатрэбілася паўгода, каб ты зразумела, што ніхто нікога не кахае. Ніхто нічыя палавінка. Прабач мне, сэрца, але ж ты – у які раз – схлусіла! Вашы адносіны – вытанчаная гульня, проста ратавальная саломінка. Расчараваліся праз тры месяцы, а развітваліся – тры гады… Пазней, значна пазней Хемінгуэй вярнуўся да сваёй былой жонкі, і гэта было лагічна, справядліва і нават прыемна для цябе. Яго жонка была табе як сястра: яна спадзявалася, верыла, да апошняга чакала яго («Вярніся! І я ўсё дарую!»). І дачакалася. Як і ты. Кагось. Ён вярнуўся да яе, да дзяцей, і ты была радая. Шчыра. Пад час развітання не было ніякіх непрыемнасцей – Хемінгуэй паводзіўся як сапраўдны джэнтльмен.
Вы разлучыліся без сцэн і папрокаў. Без разбітых талерак, дзякуючы адно аднаму за ўсё… А кожныя (кожныя!) адносіны паміж мужчынам і жанчынай – падарунак Бога, шчасце з нябёс…
Пасля Хемінгуэя не было, як ні дзіўна, ні спліну, ні апатыі. Нічога асаблівага пасля расстання не здарылася. Табе нават не давялося шукаць сяброўку, дамарослага псіхааналітыка, каб выплакацца на пятым размеры яе бюста… Ці мала што выпадзе з тваёй паштовай скрынкі?..
Але ты заўсёды ведала, што знойдзецца той, хто падаруе табе пясочны гадзіннік, пра які ты мроіла з дзяцінства. Пясчынкі ціха-ціха перасыпаюцца ў сваёй празрыстай шкляной хацінцы. Ты заварожана сочыш за імі, і на душы спакойна-спакойна. Своеасаблівая медытацыя, за якой можна схавацца ад усяго.
А пасля Хемінгуэя мясцовага разліву, недзе праз паўгода, з’явіўся іншы. І быў доўга-доўга. Назавём яго… Дырыжор. Чаму? Проста таму, што ён хацеў дырыжыраваць усімі аркестрамі зямнога шара. Ён хацеў, каб яго слухаліся ўсе скрыпкі, валторны і віяланчэлі і каб да яго дырыжорскага пульта неслі вялікія кашы кветак… Так быццам і было… Ён падараваў табе ўсе свае аркестры, газеты, кінематографы, футболы і боксы. І ты зноў была шчаслівай.
Потым, праўда, выявілася, што ён – Дырыжор без аркестра. Кароль без свайго каралеўства. Місіянер, якому ніхто не верыў. Ён жыў у сваёй прыдуманай дзяржаве і сядзеў на троне з паперы. Але ж гэта было няважна: ты кахала яго, і ён – цябе (як умеў), і ў вас быў свой дом, свая сям’я. Табе было абыякава – ці ён кароль, ці садоўнік пры палацы, ці звычайны каваль. Ты хацела стаць яму краінай, яго садам, яго агнём