ТОП просматриваемых книг сайта:
Ева ў пошуках Адама (зборнік). Коллектив авторов
Читать онлайн.Название Ева ў пошуках Адама (зборнік)
Год выпуска 2016
isbn 978-985-02-1690-8
Автор произведения Коллектив авторов
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Вера. Надзея. Любоў
Издательство Электронная книгарня
і я сапраўды потым пачаў пісаць, і на працягу пяці гадоў пісаў для яе, кожны радок адрасаваў толькі ёй, я бачыў, як яна гэта чытае і плача, напрыклад, альбо ўсміхаецца, альбо крывіцца і не жадае нават дачытваць…
яна, гэтая мая начная сяброўка, нават і не здагадваецца, якім моцным стымулам сталася для мяне. яна, напэўна, не дачакаўшыся тэлефанавання і нічога не атрымаўшы на мэйл, расчаравалася ўва мне і да гэтага часу не ведае, што гэты тэкст таксама адрасаваны ёй і яе сакавітаму пацалунку, калі мне было дзевятнаццаць і я марыў пісаць раманы.
Таццяна Будовіч-Барадуля
Сіняя кветка
Кожны мой дзень – варыяцыя адной і той жа тэмы: званок будзільніка – школа – дзіцячы сад – праца – дзіцячы сад – школа – дом (вячэра, урокі) – сон.
Але перыядычна я вырываюся з гэтага ланцуга аднастайных дзён. Пачалося ўсё з банальнага выпадку. Вяртаючыся неяк з крамы, ля пад’езда я заўважыла кветку, пасаджаную ў гліняны гаршчок. Яна стаяла пасярод іншага гломазду: хтосьці перад капітальным рамонтам вырашыў расчысціць прастору. Я не магла не ўзяць яе: хатнія расліны – маё найвялікшае захапленне. Я пра іх ведаю ўсё (або амаль усё). А тут – ні на што не падобная, яркая такая, з кулак, махровая, пакрытая варсінкамі з кроплямі нектару на іх цёмна-сіняя кветка. І пышны кусцік цёмна-зялёных лісткоў, таксама пакрытых варсінкамі. Нідзе раней не бачыла такой прыгажосці. Калі я схілілася, каб узяць яе, лісткі быццам самі пацягнуліся да маіх рук, прыхінуліся да іх, атулілі прахалодай і пяшчотай.
У тую ноч я доўга не магла заснуць. Седзячы на кухні і гартаючы старыя часопісы, прыслухоўвалася да роўнага дыхання дзяцей з іх пакоя. Да раўнамернага пахрапвання мужа з яго спальні прыслухоўвацца было не трэба, каб зразумець, што ў сваім бяссонні я ў поўнай адзіноце.
За акном красавалася неймаверна вялізная поўня, а на падваконні – мая новая кветка. Ад яе ішоў тонкі прыемны водар – нейкая сумесь пахаў бэзу з язмінам ды ландышамі. Дзіўна, што раней я не адчула яго. А сама кветка быццам стала буйнейшай і ярчэйшай, чым падавалася пры дзённым святле. Пялёсткі яе раскрыліся так нахабна, нібыта запрашалі ўнутр… Я схілілася над вазонам, удыхаючы водар, ніяк не магла ім надыхацца. Узяла ў рукі, паднесла бліжэй да лямпы, каб лепш разгледзець, – і раптам… Куды падзелася ноч з яе неверагодна вялізнай поўняй, мая чырвоная піжама, кухня з часопісамі?..
…Я гуляла з сынам у гаі непадалёк ад замкавай гары. Слёзы засцілалі мне вочы, калі я глядзела на яго светлую хударлявую фігурку. Яму яшчэ не споўнілася і чатырох, а ён – выліты бацька! Тыя ж вочы, тая ж ганарлівая пасадка галавы, тыя ж пластычныя і ў той жа час пругкія рухі (быццам недзе ўнутры яго знаходзілася сціснутая спружынка, але раз-пораз ёй дазвалялася імкліва распроствацца).
Ён – гэта ўсё, што ў мяне засталося, дзеля чаго я жыла. Дакладней, спрабавала жыць пасля таго, як атрымала страшную вестку: князь мой, сонца маё, святло маіх дзён, загінуў пры абароне памежнай крэпасці. Я не вагаючыся выпіла б атруту,