ТОП просматриваемых книг сайта:
Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
Читать онлайн.Название Прыгоды ўдалага салдата Швейка
Год выпуска 1921
isbn 978-985-04-0208-0
Автор произведения Яраслаў Гашак
Жанр Зарубежная классика
Издательство Электронная книгарня
– Гэтага, прабачце, не ведаю, – быў адказ. – Але думаю, што будзе глыбей, чым пад Вышаградскай скалой на Влтаве*.
– Дастаткова? – коратка спытаў старшыня камісіі.
Але адзін з яе членаў папрасіў дазволу задаць яшчэ наступнае пытанне:
– Колькі будзе, калі памножыць дванаццаць тысяч восемсот дзевяноста сем на трынаццаць тысяч восемсот шэсцьдзесят тры?
– Семсот дзевяноста дзевяць, – не міргнуўшы вокам, адказаў Швейк.
– Думаю, гэтага зусім дастаткова, – падвёў вынік старшыня камісіі. – Можаце адвесці абвінавачанага на яго месца.
– Дзякуй вам, панове, – пачціва сказаў Швейк, – з мяне таксама зусім дастаткова.
Калі Швейк адышоў, калегія трох прыйшла да ўзгодненай высновы: Швейк – круглы дурань і ідыёт паводле ўсіх законаў прыроды, адкрытых славутымі вучонымі-псіхіятрамі. У вывадзе для судовага следчага, паміж іншым, стаяла:
«Ніжэйпадпісаныя судовыя лекары прыйшлі да згоды ў вызначэнні поўнай псіхічнай тупасці і прыроджанага крэтынізму прадстаўленага камісіі Швейка Ёзафа, крэтынізм якога вынікае з заявы «Няхай жыве імператар Франц-Іосіф Першы», чаго зусім дастаткова, каб вызначыць псіхічны стан Швейка Бзафа як хранічнага ідыёта. Зыходзячы з гэтага ніжэйпадпісаная камісія прапануе:
1. Судовае следства па справе Швейка Ёзафа спыніць;
2. Накіраваць Швейка Ёзафа ў псіхіятрычную клініку з мэтай высвятлення, у якой меры яго псіхічны стан з’яўляецца небяспечным для навакольных».
У той час як складалася гэтая выснова, Швейк расказваў сваім таварышам па турме:
– На Фердынанда наплявалі, а балбаталі са мной пра яшчэ большую лухту. Напрыканцы мы сказалі адно аднаму, што пагаварылі дастаткова, і разышліся.
– Я не веру нікому, – зазначыў скурчаны чалавечак, на лузе якога выпадкова выкапалі шкілет, – усё гэта адно жульніцтва.
– I без жульніцтва не абыдзешся, – запярэчыў Швейк, укладваючыся на сяннік. – Калі б усе людзі клапаціліся толькі пра добрае самапачуванне іншых, то перабіліся б паміж сабой яшчэ хутчэй.
Раздзел IV. Швейка выганяюць з дома вар’ятаў
Калі пазней Швейк расказваў пра сваё знаходжанне ў доме вар’ятаў, то адзываўся аб ім з незвычайнай пахвалой.
– Дапраўды, не ведаю, чаму гэтыя вар’яты злуюцца, што іх там трымаюць. Там можна поўзаць голым па падлозе, выць як шакал, шалець і кусацца. Калі б хто-небудзь зрабіў тое ж самае дзе-небудзь на вуліцы, дык людзі б дзівіліся, а там гэта самая звычайная рэч. Taм такая вольніца, якая і сацыялістам ніколі не снілася. Там можна выдаваць сябе і за госпада бога, і за панну Марыю, і за рымскага папу, і за англійскага караля, і за пана імператара, і за святога Вацлава*. (Праўда, гэты апошні ўвесь час быў звязаны і ляжаў голы ў адзіночцы.) Яшчэ там быў адзін, што крычаў, быццам ён архіепіскап, але гэты нічога не рабіў, толькі жраў ды яшчэ сеё-тое, што з гэтым звязана, але там ніхто гэтага не саромеецца. А адзін