ТОП просматриваемых книг сайта:
Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
Читать онлайн.Название Прыгоды ўдалага салдата Швейка
Год выпуска 1921
isbn 978-985-04-0208-0
Автор произведения Яраслаў Гашак
Жанр Зарубежная классика
Издательство Электронная книгарня
Канец звадцы паклаў выкліканы брамнікам паліцэйскі, які адвёў Швейка ў паліцэйскі камісарыят на Салмавай вуліцы.
Раздзел V. Швейк у паліцэйскім камісарыяце на Салмавай вуліцы
Пасля цудоўных прамяністых дзён у вар’ятні да Швейка прыйшлі ліхія часіны, поўныя нягод і праследаванняў. Паліцэйскі інспектар Браўн абставіў сцэну спаткання са Швейкам у суровым стылі рымскіх намеснікаў эпохі любага яму імператара Нерона. I гэтак жа люта, як у свой час намеснікі вымаўлялі: «Кіньце гэтага шэльму хрысціяніна львам!» – інспектар Браўн сказаў:
– За краты яго!
Ні слоўка болей, ні слоўка меней. Толькі вочы пана паліцэйскага інспектара Браўна заззялі ад асаблівай, ненармальнай насалоды. Швейк пакланіўся і з годнасцю сказаў:
– Да вашых паслуг, панове. Я лічу, што «краты» гэта тое ж, што і «адзіночка», а гэта не так ужо і кепска.
– Ну, у нас тут не надта раскашуешся, – ухмыльнуўся паліцэйскі інспектар, на што Швейк адказаў:
– Я чалавек сціплы і заўсёды буду ўдзячны за тое, што вы для мяне робіце.
У ізалятары на нарах сядзеў нейкі задуменны чалавек. Па яго апатычным поглядзе было відаць, што яму не верыцца, быццам дзверы адчынялі для таго, каб выпусціць яго на волю.
– Маё шанаванне, васпане, – сказаў Швейк, сядаючы да яго на нары. – Не скажаце, колькі зараз часу?
– Мяне гэта не абыходзіць, – вымавіў задуменны чалавек.
– А тут не так ужо блага, – паспрабаваў завязаць размову Швейк. – Нары з габляванага дрэва.
Сур’ёзны пан не адказаў, устаў і пачаў хутка хадзіць у вузкім катушку паміж дзвярыма і нарамі, нібы спяшаўся нешта ўратаваць.
Тым часам Швейк з цікавасцю разглядаў надпісы, выдрапаныя на сценах. Адзін з іх належаў невядомаму вязню, які перад богам і людзьмі даў зарок змагацца з паліцыяй не на жыццё, а на смерць. Тэкст абвяшчаў: «Вы заплаціце за ўсё!» Другі арыштант пісаў: «Ідзіце вы да д’ябла, пеўні!»* Трэці проста канстатаваў факт: «Тут сядзеў 5 чэрвеня 1913 года, са мной абыходзіліся слушна. Ёзаф Марачак, гандляр з Вршовіц». А быў і надпіс, які ўзрушваў сваёй глыбінёй: «Злітуйся, вялікі божа!»
A пад гэтым: «Пацалуйце мяне ў с…»
Літара «с» аднак была закрэслена, а збоку вялікімі літарамі напісана «СКЛАДКУ». Побач нейкая паэтычная душа прыпісала верш:
Засмучаны ля ручая сяджу,
За горы хутка сонейка схаваецца.
На светлыя пагоркі я гляджу,
Там любая слязамі абліваецца.
Пан, які бегаў ад дзвярэй да нараў, быццам спаборнічаў у марафонскім забегу, нарэшце, задыхаўшыся, спыніўся, сеў на ранейшае месца і, абхапіўшы галаву рукамі, раптам загаласіў:
– Пусціце мяне адсюль!.. Не, яны мяне не пусцяць, – сказаў ён сам сабе, – не, не пусцяць. Я тут ужо з ранку, з шасці гадзін.
На яго раптам напала ахвота гаварыць. Ён падняўся са свайго месца і звярнуўся да Швейка:
– Ці няма ў вас выпадкам дзягі,