Скачать книгу

нумар тры. Так яно робіцца, і шмат каго з тых, хто не звяртаў на гэта ўвагі і не здымаў шапку, потым арыштавалі. У Жыжкаве адзін святар пабіў сляпога за тое, што той не зняў шапкі. Гэтага сляпога яшчэ і пасадзілі, бо на судзе яму даказалі, што ён толькі сляпы, а не глуханямы, і што, значыцца, звон чуў і спакушаў іншых, хаця тое здарылася ўначы. Іншым разам нас людзі і не заўважылі б, а цяпер будуць перад намі шапкаваць. Калі вы, пан фельдкурат, не маеце нічога супраць, я ў момант здабуду.

      Атрымаўшы дазвол, Швейк праз паўгадзіны прынёс званочак.

      – Гэта ад брамы заезнага дома «У Кржыжкаў», – сказаў ён. – Усяго пяць хвілін страху, а чакаць давялося доўга, бо ўвесь час людзі снавалі.

      – Я пайду ў кавярню, калі хто прыйдзе, няхай пачакае.

      Прыблізна праз гадзіну прыйшоў пажылы сівы чалавек з суровым выглядам. Трымаўся ён надзвычай прама. Глядзеў так, быццам быў пасланы лёсам знішчыць нашу бедную планету і сцерці яе сляды ў сусвеце. Гаварыў ён суха, рэзка і строга.

      – Дома? Пайшоў у нейкую кавярню? Прасіў пачакаць? Добра, буду чакаць аж да раніцы. На кавярню ён грошы мае, а даўгі плаціць, то не мае! Святар называецца! Цьфу ты, чорт!

      I ён плюнуў у кухні на падлогу.

      – Не плюйце тут у нас, пане! – адрэагаваў Швейк, з цікавасцю ўзіраючыся ў незнаёмага.

      – I яшчэ раз плюну, бачыце, вось так! – упарта трымаўся свайго строгі пан, плюючы на падлогу зноў. – Як яму не сорамна! А яшчэ вайсковы святар!.. Ганьба!

      – Калі вы чалавек выхаваны, – заўважыў яму Швейк, – то кінеце сваю прывычку пляваць у чужой кватэры. Ці, можа, вы думаеце, што калі пачалася сусветная вайна, то вы ўсё можаце сабе дазволіць? Вы павінны паводзіць сябе слушна, а не як валацуга. Вы павінны паводзіць сябе далікатна, гаварыць ветліва, а не распускацца, як грубіян нейкі. Вы – цывільны балбес!

      Строгі пан падскочыў у крэсле і, закалаціўшыся ад злосці, закрычаў:

      – Што вы сабе дазваляеце! Я нявыхаваны чалавек? Дык хто я тады, га? Скажыце…

      – Вы дрэнь! Вось хто, – адказаў Швейк, гледзячы яму ў вочы. – Плюе на падлогу, нібы ён у трамваі, у поездзе ці недзе ў грамадскім месцы. Я заўсёды здзіўляўся, чаму там усюды вісяць цыдулькі: «Пляваць на падлогу забараняецца», а цяпер бачу, што гэта з-за вас. Відаць, вас усюды надта добра ведаюць.

      Строгі пан пачаў мяняцца з твару і паспрабаваў адказаць градам лаянак, адрасаваных Швейку і фельдкурату.

      – Вы закончылі сваю казань? – спакойна спытаў Швейк, калі адгучаў апошні кленіч: «Абодва вы нягоднікі, які пастух, такая і чарада». – А можа, вы хочаце яшчэ нешта дадаць, перш чым паляціце са сходаў?

      З той прычыны, што строгі пан настолькі знясіліўся, што яму не прыйшла ў галаву ніводная новая лаянка, і таму замоўк, Швейк палічыў, што дарэмна ён будзе чакаць дадаткаў. Ён расчыніў дзверы, паставіў строгага пана на парогу тварам да лесвіцы і… за такі ўдар не пасаромеўся б найлепшы гулец самай знакамітай футбольнай каманды міжнароднага класа.

      A следам за строгім панам па сходах нёсся Швейкаў голас:

      – У наступны раз, калі пойдзеце

Скачать книгу