Скачать книгу

аб страце дараносіцы, то сумленны чалавек, які яе знойдзе, захоча ад нас узнагароды. Калі б гэта былі грошы, то наўрад ці хто вярнуў бы іх… Зрэшты, такія людзі яшчэ сустракаюцца. У нас у палку ў Будзеёвіцах служыў адзін салдат, добры хлапец, але прасцяк. Знайшоў ён неяк на вуліцы шэсцьсот крон і здаў ix у паліцыю. Нават у газетах пра яго пісалі, які ён сумленны чалавек. Але ж і сораму ён зведаў! Ніхто з ім і размаўляць не хацеў, усе яго ўнікалі. «Дурань ты, якое глупства зрабіў. За гэта ты ўсё жыццё саромецца будзеш, калі ў табе яшчэ кропля сумлення засталася». У яго была дзяўчына, дык і тая перастала з ім размаўляць. А калі ён прыехаў дамоў у водпуск, то яго сябры з-за гэтай гісторыі выкінулі яго ў час танцаў з карчмы. Хлопец пачаў сохнуць, браць усё да галавы і ўрэшце кінуўся пад поезд. А вось яшчэ. Аднойчы кравец з нашай вуліцы знайшоў залаты пярсцёнак. Людзі яго папярэджвалі, каб ён не аддаваў яго ў паліцыю, але яго было не ўгаварыць. У паліцыі сустрэлі яго надзвычай ласкава, маўляў, заява аб згубе залатога пярсцёнка з брыльянтамі ужо да іх паступіла. Але потым паглядзелі на камень ды і кажуць: «Чалавеча, дык гэта ж шкло, а не брыльянт. Колькі ж вам далі за брыльянт? Ведаем мы такіх сумленных знаходцаў». Урэшце высветлілася, што яшчэ адзін чалавек згубіў залаты пярсцёнак з фальшывым брыльянтам, нейкую там сямейную рэліквію. Але краўцу давялося ўсё ж адседзець тры дні, бо ён у дрэнным настроі дапусціў знявагу паліцыі. Законную ўзнагароду ён усё-такі атрымаў, дзесяць працэнтаў, гэта значыць, адну крону дзесяць гелераў – цана таму барахлу была усяго дванаццаць крон. Але кравец гэтую законную ўзнагароду шпурлянуў у твар уласніку пярсцёнка, той падаў у суд за знявагу асобы, і з краўца спагналі дзесяць крон штрафу. Пасля гэтага кравец усюды гаварыў, што з кожнага сумленнага чалавека за яго знаходку трэба браць дваццаць пяць крон штрафу, такіх, маўляў, трэба біць да пасінення і лупцаваць публічна, каб людзі ведалі, што рабіць у падобных выпадках. Думаю, што нашу дараносіцу ніхто назад не прынясе, хаця на ёй і ёсць з-заду палкавая пячатка. З вайсковымі рэчамі ніхто не захоча мець справу. Хутчэй закінуць у ваду, каб не было лішняга клопату… Учора ў шынку «Ля залатога вянка» разгаварыўся я з адным вайскоўцам, яму ўжо пяцьдзесят шэсць гадоў. Ён прыехаў у Новую Паку даведацца ў акруговай управе, чаму ў яго рэквізавалі брычку. Па дарозе назад, калі яго ўжо выкінулі з акруговай управы, ён прыпыніўся паглядзець на вайсковы абоз, які толькі што прыбыў і стаяў на плошчы. Нейкі малады чалавек – ён вёз кансервы для арміі – папрасіў яго на хвілінку пасцерагчы коней, ды болей і не прыйшоў. Калі абоз крануўся, майму знаёмаму давялося разам з усімі ехаць аж да Венгрыі, а ў Венгрыі ён сам папрасіў аднаго пачакаць каля воза, тым толькі і ўратаваўся, а то б і ў Сербію зацягнулі. Прыехаў хворы ад перапалоху і цяпер з вайсковымі справамі не хоча болей мець нічога агульнага.

      Увечары прыйшоў да ix у адведкі набожны фельдкурат, той самы, які ранкам хацеў таксама служыць палявую імшу. Гэта быў фанатык, які імкнуўся кожнага чалавека наблізіць да бога. Яшчэ будучы выкладчыкам закона божага, ён развіваў рэлігійныя пачуцці ў дзяцей з дапамогай аплявух,

Скачать книгу