Скачать книгу

раз захмурылася на Iлью, але дождж толькi папырскаў зямлю, запахла горкiм пылам, як пахне жалеза, i з хмары пасыпалiся чэрвi – сiвыя, з чорнымi галоўкамi, валаснi. Яны кiшэлi, скручваючыся ў клубок i прытка паднiмаючы свае чорныя галоўкi.

      Трэскалася зямля – уваткнеш у шчылiну кiёк, i ён iдзе – як на той свет. На дрэвах, скручваючыся ў трубку, сохла зялёнае лiсце. Як у напаленай печы, яно не паспявала зжоўкнуць.

      Бежанцы хлынулi назад, дадому – у той год якраз скончылася вайна i каля Мiнска ўстала новая гранiца.

      Iмполю быдта ў сне помнiцца вагон, шырокiя дашчаныя нары – iхняя сям’я варочалася дадому. Яму тады браўся трэцi год. Далей ужо ведаў з таго, што расказвала мацi, калi ён падрос.

      Ехалi доўга – поезд гадзiнамi стаяў сярод поля з чорнымi, выгаранымi адхонамi каля чыгункi, там, дзе на сухую, як порах, траву ўпала з паравоза iскра. У жаўтаватым высокiм дыме, нiбы ў хмарах, хавалася слепаватае сонца – гарэлi лясы. Расцягнуўшыся бясконцым шнуром, ляцела чырвоная кабылка – саранча.

      З вагонаў на доўгiх, мусiць, знарок зробленых дзеля гэтага, насiлках выносiлi нябожчыкаў – бежанцы пухлi i памiралi ад голаду.

      Перад самаю гранiцаю, ужо ў Мiнску, вынеслi з поезда Iмполевага бацьку – ён захварэў на гiшпанку, у яго была гарачка.

      Ужо адсюль, з Польшчы, мацi падавала на розыск. З-за гранiцы ў Дубатоўкi прыходзiла папера, што весцяў пра бацьку няма. Але ёй не верылася. Завязаўшы ў белую, выцвiлую хустку паўкапы яец, яна хадзiла за блiзкi свет у нейкую вёску да варажбiткi, i колькi тая нi варажыла – каля чырвонага караля заўсёды стаяла чорная карта – смерць.

      Бацька так i не знайшоўся.

      Мацi, выплакаўшы сваё гора, асталася з iмi двума.

      Але адною бяда не ходзiць: старэйшы бацькаў брат не аддаваў зямлю – ён з бацькам быў не аднае мацеры. Толькi пасталеўшы, Iмполь разабраўся, што да чаго. Iмполеў дзед быў прымак – прыйшоў ён у Дубатоўкi на чужое. Кiнуўшы пры грудзях дзiця, без пары памерла першая дзедава жонка – жанiўся ён другi раз, браў таксама ўдаву. Ад яе i быў Iмполеў бацька. Права на спадчыну ён не меў.

      Мацi, выбiўшыся са здароўя, усё ж адсудзiла два гектары нiшчымнага пяску.

      Але хiба з iх пражывеш? I мацi хадзiла прызарабляць – летам жала ў асаднiка-ўдаўца, што мо знарок наймаў збедаваную па мужчыну маладзiцу, восенню бегала ў сушню, што была пры тартаку ў мястэчку, лупiць машынкаю яблыкi i выкручваць з iх костачкi. З сушнi варочалася, прыносячы карове поўную радзюжку гэтых лупiн, карычневых костачак i гнiлых, мяккiх, як порхаўкi, яблыкаў з драбнюткiмi бародаўкамi сiвое плеснi.

      Аднае ночы, перад усiмi святымi, ужо маразы бралiся, яе нехта пераняў каля рэчкi на балотцы, выскачыўшы з сiняватай ад месяца смугi, з-за голых вербаў. Абамлеўшы ад страху, яна кiнулася на другi бок, на гразкае, што блiскала iнеем, балота, уляцела ў крынiчныя лёхi – выкупаўшыся па пахi, ледзьве выбралася адтуль.

      Вярнулася дахаты, калоцячыся ад холаду i страху. Расказвала i плакала.

      Да мацеры прыкiнулася нейкая абложная хвароба. I яна ўжо не ачуняла. Губы ў яе пасiнелi, яна звяла i была лёгкаю, як дзiця, калi Iмполь памагаў ёй легчы вышэй на падушку. На трэцiм

Скачать книгу