ТОП просматриваемых книг сайта:
Чужая бацькаўшчына. Вячаслаў Адамчык
Читать онлайн.Название Чужая бацькаўшчына
Год выпуска 1978
isbn 978-985-02-1143-9
Автор произведения Вячаслаў Адамчык
Серия Школьная бібліятэка
Издательство Электронная книгарня
– Ах, божачка, заб’е ж, – зноў немым голасам заенчыла дзеўка. Гэта была Сабiна – стрыечная Лiтаварава сястра.
Астатнiх дзяўчат i хлопцаў як ветрам змяло з Корсакавага надворка, кожны наравiў быць далей ад бяды. У веснiках толькi стаяў Жэнiк Рэпка, каб, на выпадак чаго, памагчы брату.
– Ну, Чадзiна… – Сяргей мацюкнуўся i, не выпускаючы з рук канец адламанага калка, спусцiўся з пакатага надворка да веснiкаў.
– I што гэта iм зноў тутака трэба? – крыкнуў туды, на вулiцу, Корсак Улас, выйшаўшы разам з Мiцем на двор.
– Хадзi i ты сюды, хадзi, – аказалiся з-за плота Каты.
– А ты паагрызайся болей! – Мiця саступiў з пляскатага каменя, што ляжаў каля парога. Рукi ў яго былi закладзеныя за спiну – ён хаваў з-заду нешта караткаватае, цi не жалезны прэнт.
Каты змоўклi. Высунулiся з цянька i пайшлi вулiцай, схаваўшыся за рогам чужое хаты. Адзiн дробна, з пералiвам, высвiстваў польку.
– Iдзi ў хату, Бронiсь, – сказаў Корсак, хаваючыся ў цёмных сенях. – Iдзi, абмыйся хоць.
– I праўда, Бронiк, – Сабiна з Хрысцяй пагналi Лiтавара ў хату.
Iмполь выйшаў на вулiцу, каля веснiкаў наступiўшы на нешта чорнае i мяккае, цi не на Лiтавараву шапку.
Вечар быў ясны – высока на полуднi стаяў белы месяц з сiняватым у сярэдзiне i бурым па краях кругам. На нечым шчыце ў аконцы блiшчаў асколак шкла. Пахла вострым марозам i чэрствым гаркаватым лiсцем. На звялай i шэрай, як ссыпанай соллю, траве пералiваўся, цьмяна мiгцеў iней. Каля чарнаты плота белым паскам ззяў малады ўчарашнi снег, што не растаў за дзень. Дужэў прымаразак – камянела зямля. Усё выдавала пустым, голым, i звон стаяў, як у парожняй дубовай бочцы. Так бывае позна ўвосень у сухi мароз. Толькi недзе ў хляве бляяла, акацiўшыся, авечка – там нехта свяцiў лiхтаром: у адчыненых дзвярах мiльгаў скупы жоўты агонь. У канцы вулiцы чуўся злы, здушаны голас:
– I яе, гадзiну, трэба правучыць…
Гаварылi, мусiць, пра Хрысцю. Падыходзячы блiжай i заварочваючы да Мондрых у двор, Iмполь прыслухаўся, але нiчога болей не распазнаў. З-за хлевушка высунулася i загаўкала, кiдаючыся да ног, аблавухая сучачка – яна яшчэ не асвойталася з чужымi ў хаце людзьмi. У вокнах раптам палахлiва затрапятаўся i патух агонь – гаспадыня, гатуючыся, пэўна, спаць, баялася, цi не падглядае хто.
Iмполь пастукаў у цёмнае, што адлiвала месячным бляскам, прадпечнае акно. За глухою шыбаю паказалася Алеся. Распушчаныя валасы падалi на плечы, глыбокi выраз сарочкi адкрываў цеплату грудзей.
V
Бацьку свайго Iмполь не помнiў. Расказвала мацi, што бацька быў рослы, кучаравы – ён, Iмполь, i крошкi па iм падабраў. Толькi бацька ганьбу невялiкую меў: на правай руцэ не хватала двух пальцаў – аджавала трыбаю сячкарнi. Праз гэтае калецтва яго i ў войска не ўзялi, таму жанiлiся яны з мацераю ў той год, як пачалася вайна. Людзi якраз у бежанства ўцякалi, спярша здалёк, недзе з-пад Сувалак, – мазуры ўсё. А на другi год, калi фронт падышоў блiжай, ускораўшы пажаць толькi жыта, выправiлася ў дарогу iхняя вёска.
Але