ТОП просматриваемых книг сайта:
Чужая бацькаўшчына. Вячаслаў Адамчык
Читать онлайн.Название Чужая бацькаўшчына
Год выпуска 1978
isbn 978-985-02-1143-9
Автор произведения Вячаслаў Адамчык
Серия Школьная бібліятэка
Издательство Электронная книгарня
А раз нават снiлася яму тое, пра што ён думаў, гледзячы на яе.
Снiцца яна пачала пасля таго, як вадзiлi мыць авечак. Узяўшыся за тоўсты закручаны рог, Ваця выцягнула з хлява чорнага з шырокаю, як лава, спiною барана, што раскарачыўся i, упiраючыся нагамi, нiяк не хацеў iсцi на двор. Потым адною рукою схапiла за абедзве столкi спаднiцу, падцягнула высока ўгору, перакiнула нагу цераз барана i паехала на iм, свецячы белаю мякаццю сытых сцёгнаў. Баран, угiнаючыся i круцячы галавою, ляцеў што ёсць моцы. Iмполь, каб не астацца, стаў падганяць трапятлiвую авечку. Уперадзе ўсё бялела гэтая мякаць сытых сцёгнаў i стаяў рогат:
– Ха-ха!.. Во нясе, во дужы!
Яна паднiмала, выцягваючы, ногi, каб не датыкацца iмi да зямлi. Баран угiнаўся, але бег, хiстаючыся пад цяжарам яе гладкага маладога цела.
– Ха-ха… – яна азiралася, трасучы галавою, каб адкiнуць з вачэй кароткiя, падстрыжаныя нiжэй вуха валасы, з якiх, мусiць, вывалiлася шпiлька.
З грудка спускалася пад рэчку на балотца, дзе на маладой, засыпанай вербнымi таўкачыкамi траве ў некалькi радоў сохла там-сям скручанае ветрам палатно. Бабы, што сядзелi тут са сваёю работаю, найболей з шытвом, чакаючы, покуль палатно не высахне, каб сцягнуць у гармонiк i зноў утаптаць у рэчку, убачыўшы Вацю, пачыналi гукаць:
– Ваця, вышай паднiмi спаднiцу, вышай, а то, дальбуг, нiчога не вiдаць!
– А каб вам засляпiла, як вы ўбачыце, – адбрэхвалася яна i кiравала барана да рэчкi.
Iмполь, апярэдзiўшы яе, ужо стаяў каля берага. Стромаю сцежкаю Ваця спускалася да зялёнага, аблепленага бадзягай карча. Злазiла з барана i, трымаючы яго за рогi, скакала ў ваду, крыкнуўшы ад холаду i жаху.
Кругом яе белых, кароткiх у вадзе ног, падняўшыся сухiм пухiром, плавала спаднiца. Баран, блiскаючы чорна-лiловым вокам на ваду, круцiў галавою i, адступаючыся назад, жалосна бляяў. Яна што было моцы тузанула яго за рогi, i ён, высока падскочыўшы, плюхнуўся ў рэчку, апырскваючы Вацi твар i грудзi. Яна, зноў усеўшыся яму на спiну i ўтапiўшы аж па самае горла, пачынала яго мыць – скубла i аджымала жменяю паскручваную ў струкi воўну. Нарэшце, скупануўшы ў глыбшым, выганяла на бераг, папiхаючы яго за худы ад мокрае, злiплае воўны азадак. Баран, выскачыўшы з рэчкi i цвёрда паставiўшы растапыраныя ногi, абтрасаўся, густа пырскаў кругом сябе вадою.
Iмполь, трымаючы за воўну, падводзiў на край берага спуджаную, што дрыжала, iрвучыся з рук, авечку.
Ваця, гэтаксама пагушкаўшы ў вадзе, памыла яе i выгнала на бераг. Ссунуўшы локцем з вачэй рассыпаныя валасы, падала Iмполю руку:
– Памажы, Iмполька, дальбуг, змучылася.
Ён браў Вацю за мокрую, трошкi слiзкую руку, чуючы нялёгкую вагу, памагаў вылезцi з рэчкi. Мокрая паркалёвая спаднiца гладка абцягвала яе ногi. Яна, адвярнуўшыся спiною, збiрала ў вузел перад спаднiцы, выкручвала на калене. Ён, нават не гледзячы ў яе бок, бачыў тыя гладкiя белыя сцёгны. I нешта дурное з’юшчвала яго азiрнуцца, але брыдкасць i сорам не давалi.
А яна, як ведала, што яго разбiрае гэтая дурнаватая салодкая сiла, знарок дзеразавалася з iм, зманвалася, украдкам