Скачать книгу

Платона: не хацелася страчацца з Ладакам – не счахла яшчэ злосць, хоць неяк i шкада было яго, хворага, i брыдка, што вiнаваты перад iм. I Iмполь нiяк не мог разабрацца, чаму ў жыццi ўсё гэтак зблыталася, сплялося, зашмаргнулася, як у збэрсаным матку нiтак.

      Вацю ён стрэцiў на другi год увесну, калi рабiў на шашы – брукаром. Неяк i дзень яму запомнiўся той – сухi, ветраны. У канаве, прабiўшыся праз сухi леташнi бруд, трапяталася вострая маладая трава. Вецер падварушваў сатлелае леташняе лiсце i сцiшна шумеў у сухiм палыне i счарнелым пры сцежцы быльнiку. У сiнюткiм, здаецца, настылым ад холаду небе дрыжаў жаваранак.

      Iмполь якраз палуднаваў разам з усiмi, седзячы на ўтоптанай сцежцы, што бегла на другi бок канавы каля шашы. Фурман, малады хлопец, пад’ехаўшы да таго месца, дзе стаяў белы калочак з нацягнутаю вяровачкай, дзе канчаўся акуратна падагнаны, утрамбаваны брук, зняў з воза закарэлую сухiм гноем дранiцу i пачаў скiдаць на жоўты пясок каменнi – яны востра цюкалi адзiн аб адзiн. Iмполь бачыў, як нейкая маладзiца ў чорным плюшавым палiто, суконнай хустцы з кутасамi старалася абысцi фурманку, асцярожна пераступала цераз вяровачку, нацягнутую на калочкi. I зiркнула на брукароў – цi не крычаць яны. Iмполь убачыў бялявы твар i задыхнуўся ад раптоўнае гарачынi – пазнаў Вацю.

      Нiжэйшаю, чужою здалася яна цяпер.

      – Ваця! – паднiмаючыся з зямлi, паклiкаў ён. Яна збiлася з хады, прыпынiлася на мiг, як прыпынiцца чалавек, калi раптам стрэлiць пярун.

      – Ваця! – гукнуў ён яшчэ раз, не верачы ўжо, што гэта яна.

      Кабета спынiлася, неяк спiною адчуваючы, што клiчуць яе, i цяжка, у гэтай суконнай хустцы, абярнулася.

      – Ах, божа, Iмполь! – сказала яна, расслабляючы пад падбародкам хустку.

      Чырвань залiла ёй шчокi, i сполах, перамешаны з радасцю, затрапятаўся на твары.

      – Куды ты выправiлася?

      – У мястэчка, у аптэку iду, – губы ў яе перасохлi, на iх, як на звялым яблыку, сцягнулася скура. – Ладак злёг – другi ўжо месяц не ўстае з пасцелi. – Гэтыя сухiя, звялыя губы яе задрыжалi. Яна знайшла ў закарвашы хустачку з малiнавым беражком i выцерла вочы.

      – А ты як? – спытаўся ён.

      – А што я – старэю, – усмiхнулася яна пачырванелымi не то ад ветру, не то ад плачу вачмi, яшчэ болып пабрыдчэла.

      Яму падумалася, што летась, каля аўсяных снапоў, яна была другою – харашэйшаю.

      – Сам мо ажанiўся цi гэткiм дзiцем астаўся? – апусцiўшы галаву i краем вока цiкуючы на яго, спытала яна.

      – Не, дзе там… Вось шашу брукую… Швэндаюся па свеце.

      – Чаго ж так?

      Яна падцяла сухiя, звялыя губы i павярнулася да яго спiною, мусiць, чуючы, што ён глядзiць услед. I яму зрабiлася шкода яе, i брала дзiва, што ён наравiў яе некалi.

      Пасля гэтага ў яго памяцi стаялi яны дзве – дужая, маладая целам там, на аўсянiшчы, i другая – пабрыдчэлая, чужая, якую ён стрэў тут, на шашы.

      Гэтакаю дваякаю яна помнiлася i цяпер, калi ён са старым Ладзiмерам, з якiм сышоўся, брукуючы шашу, наняўся да Алесi малацiць.

      VI

      Нанач выяснiлася неба. Халоднымi, ледзянымi iскрамi мiгцелi, пырскалi першыя зоркi. Замаразак сцягваў перакрыжаванымi

Скачать книгу