ТОП просматриваемых книг сайта:
Дыплом на царства. Аркадзь Ліцьвін
Читать онлайн.Название Дыплом на царства
Год выпуска 2015
isbn 978-98590-371-7-7
Автор произведения Аркадзь Ліцьвін
Издательство Электронная книгарня
– Разлічвалі падгаварыць розных немцаў, іх жа процьма на Маскве, – апраўдваўся Бутурлін. – Ноччу наляцелі б на прыхадняў. Можа і ўдалося б ачысціць Маскву.
– Што ж, – пракрактаў нехта смялейшы, – аднойчы такое ўдалося… Добра бачылася, што не сам Бутурлін зладзіў змову, патрыярх Гермаген быў натхніцелем. Бутурліна не кранулі, затое з пасланцом вэждацца не сталі.
– На кол негадзіўца і ўвесь сказ! – не завагаліся баяры.
– Не угомоніць смутьянов, коль не прішлёт патріарх новыя граматы Пракопію Ляпунову. Ды і гарадам не зашкодзіць!
Вызвольны рух мацнеў знізу і, каб яго аслабіць і спыніць, трэба было не дапусціць зборышч у Маскве.
– Калі ж патрыярх не пагодзіцца, а так хутчэй за ўсё і будзе, трэба паклікаць на Разаншчыну, бо блізкая да Масквы, чаркасаў, казакоў з Украіны.
– Як бы да тых чаркасаў не пабеглі натоўпы маскоўскіх «воров»? Тады самі не ўправімся.
Але патрыярх, замест угавораў бласлаўляў усеагульны паход на Маскву, дазваляў прысягу каралевічу толькі пры ўмове пераходу яго на праваслаўе і вызвалення дзяржавы ад ліцьвінскіх і польскіх палкоў. З вялікімі цяжкасцямі, заступніцтвам цудатворцы Ніколы Зарайскага, зборышча чэрні ўдалося разбіць і прагнаць каго на Маскву, каго аж на Украіну.
Гетману Жулкеўскаму заставаўся адзін клопат. Яшчэ 5 верасня, узважыўшы сітуацыю, наладзіў перад лагерам Яна Пятра Сапегі збройную дэманстрацыю. Крыху пужануць, трохі папярэдзіць, а заадно і падтрымаць пана Яна перад нязгоднымі камандзірамі. Сапега, даўшы сабе і падначаленым прыкінуць выгады і страты розных шляхоў, сам схіліўся да ўзнаўлення перамоваў пра пераход разам з войскам на бок караля. Праз дзень генеральнае кола заакцэптавала ўмовы пагаднення Яна Пятра Сапегі з Жулкеўскім, а 24 верасня Сапега рушыў ад Масквы і разлажыў свае войскі на зіму ў ваколіцах Мешчоўска блізу Калугі. Праз месяц паслы караля прывезлі яму згоду на прыняцце войска на службу. На працягу снежня пераконваў свае атрады да поўнага пагаднення з Жыгімонтам і дапяў свайго. Васіля Шуйскага 14 кастрычніка 1610 года перавезлі ў Троіцкі манастыр, а 22 кастрычніка разам з братамі перадалі палякам, а тыя вывезлі іх да Рэчы Паспалітай. Войска Рэчы Паспалітай, пакінутае ў сталіцы, і маскоўцы жылі з каменем запазухай. Хоць і сыйшлі з горада васемнаццаць тысяч стральцоў, людзі Гасеўскага штодзень мелі па некалькі разоў трывогі, так што коні ўвесь час стаялі пад сёдламі. Трывожныя весткі даляталі з Ніжняга Ноўгарада. Кружылі граматы супраць захопнікаў, варожых праваслаўнай веры. Ежы, праўда, хапала таннай і ўдосталь.
Каму мець шапку Манамаха?
Не спяшалася вялікае маскоўскае пасольства да Смаленска. Князь Галіцын хутаўся ў мяккае футра і не мог пазбыцца прыкрых, навязлівых думак. Што прынясе пасольства Масковіі? Колькі б ні перакупіў кароль абяцанкамі ды наданнямі, нават між самых імянітых застануцца ўпартыя. А як пачне на троне чужы моваю і звычаямі падлетак, пэўна ні гетман, ні Сапега не патлумачаць.