Скачать книгу

быццам, сенцы. Боўтаюцца дзверы, здзертыя з адной завесы. Трэба толькі адкінуць рэшткі кроквы…

      Увайшоў.

      Тут не пахла жытлом. На месцы печы зеўрала яміна, у якой рос лопух. “І цэглу прыбралі… І падлогі ж няма”.

      І гэта ўстрывожыла: “Пада мной знойдзеш”. Як і што можна знайсці, калі няма дзе шукаць? Што магло быць пад ложкам, што можна знайсці, калі дошкі прыбралі!

      Генадзь роспачна зрабіў чатыры крокі далей – столькі трэба было, каб зазірнуць у сярэдзіну другой паловы хаты. Ступіў цераз парог і замёр…

      – Не чапай сына! Кранешся – заб’ю! – крычыць маці.

      – Не тваё дзіця, сікуха… Само яно да мяне прыйдзе… А табе яшчэ гукнецца, – бабулін голас, насмешлівы і злы.

      – Не прыйдзе!

      – Свіней ідзі карміць, брыда, – загадвае бабуля… Тут.

      Генадзь паглядзеў налева, і сэрца шалёна падскочыла пад горла: усе дошкі з падлогі зніклі, але тут, між сцяной і грубай, якая цяпер была проста кучай рудой гліны, ляжалі дошкі: шырокія, кароткія. Ляжалі няроўна, бугрыліся, нібыта знізу нешта імкнулася праз іх прабіцца ўгару.

      А на дошках, як на адмысловым пастаменце, стаяў вялікі драўляны ложак, без матраца. Тоўстыя высокія ногі папарна злучаныя спінкамі. Тая, ад галавы, высокая. Ад парога нізкая. З-за яе малы Генадзь часта пазіраў на бабулю – яна сядзела на ложку, расказвала яму… не памятае, але нешта страшнае, такое, што хацелася ўцячы, а ўцячы не мог, хаваўся ад бабы за спінку, слухаў яе голас. Страх трохі меншаў, ці то баба адмыслова пачынала казаць не так страшна, тады Генадзь высоўваўся – баба хітра падміргвала яму і зноўку казала нешта жудаснае.

      Спінкі з ножкамі злучалі дзве тоўстыя білы. “Да іх і прывязвалі рукі”. Варухнуўся жаль, зусім не да месца тут, не да часу.

      Генадзь адкінуў ложак на рэшткі грубкі.

      Прысеў, стаў уважліва глядзець на падлогу. Сухое лісцё і смецце.

      Глупства, падумаў урэшце: калі б тут і было што, на падлозе, яго б даўно паднялі.

      Яму трэба было пасля смерці бабы прыйсці і залезці пад ложак. Чаму ён не прыйшоў? Маці… Яна не пусціла. А можа, і прыходзіў сюды Генадзь. Ды маці паперадзе яго прайшлася з мяцёлкай ці мокрай анучай.

      Генадзь устаў, пашукаў вачыма – нічога патрэбнага, зручнага не знайшоў. Адгроб нагой зямлю і смецце ад берагу дошак.

      Падчапіў адну, адкінуў.

      Ведаў, што дошкі мусяць ляжаць на нейкіх папярочных бэльках, а тут адразу пад дошкай зямля. Чорная, чыстая. Такая чыстая, што захавала ў сабе малюнак паверхні дошкі: сучок, пражылкі… Другая, трэцяя дошка… Адкінуў апошнюю, ад сцяны, найцяжэйшую і шырокую. У першы момант мільганула надзея, ды згасла: тое, што прыцягнула ўвагу, было невялікім мышыным гняздом, ад якога ў самы кут вёў кароткі адкрыты ход.

      І ўсё. Але расчаравання не было – адно стома. І крыўда.

      Што нічога не выйшла. Што тое, у што ён гэтак паверыў, было проста ўспамінам маленства.

      Падняў той самы дручок, якім збіваў галінастую крапіву на шляху, калупнуў без асаблівай цікавасці мёртвае мышынае гняздо. Невялікі шарык

Скачать книгу