ТОП просматриваемых книг сайта:
Праклён. Валеры Гапееў
Читать онлайн.Название Праклён
Год выпуска 2013
isbn 978-985-7021-17-8
Автор произведения Валеры Гапееў
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– Чакай, зараз з сабой збяру… Паесці каб, туды ж далёка… І грошы, грошы…
Генадзь не прыспешваў маці – яна і так ці не подбегам паспявала па хаце.
Ён выехаў на трасу, прыпыніўся на ўзбочыне. Дастаў мапу аўтамабільных дарог. Дзвесце кіламетраў, сама мала. І чвэрць дарогі вёскамі. Гадзіны за тры дасць рады…
Дзень быў сонечны, цёплы, амаль летні. Генадзь увамкнуў музыку – ён не мог трываць цяпер у спакойнай цішыні. Дарога была добрая, да павароткі, ад якой заставалася кіламетраў пяцьдзясят, праляцеў хутка. А далей пачалося – увесь асфальт у выбоінах.
Пачалі трапляцца паўжывыя і цалкам мёртвыя вёскі: спарахнелыя, паваленыя платы, хлявы без дахаў, дамы без вокнаў. Яшчэ паварот – асфальт скончыўся, пайшла жвіроўка, дрогкая, але даволі роўная.
Ціш і бязлюддзе. Генадзя ніхто не абагнаў, насустрач патрапілася адна машына – цяжкавік. Мінуў вялікую, жывую вёску, у ёй стаяла ўзбоч дарогі некалькі аднолькавых, адносна новых на выгляд цагляных дамоў. Аграгарадок… Паспела палупіцца фарба, пакладзеная проста на цагляныя сцены невялікай крамкі з гучнай назвай “Светач”.
У ёй, даволі прасторнай і пуставатай, было дзве прадаўніцы. Адна маладзейшая, з вялізнымі клубамі стаяла ля прылаўка з боку пакупнікоў, адставіўшы на ўваход шырачэзны азадак. Войкнула на рыпенне дзвярэй, выпрасталася, абцягнула халат на вялікіх, дзябёлых грудзях.
Другая ўсміхнулася – не Генадзю, сама сабе, і, як падалося Генадзю, помсліва. Дзіўна, але ў гэтай жанчыны, гадоў сарака, быў чысты, загарэлы і прыемны твар, з акуратнымі формамі рота і носа, інтэлігентная пастава і мяккі, спакойны голас. Ёй бы болей пасавала быць якой настаўніцай, а не падаваць мужыкам пляшкі чарніла – вунь яго колькі на прылаўку…
Генадзь папрасіў пляшку мінералкі, расплаціўся, спытаў:
– Да Рубанага дарогаю можна даехаць?
– Да Рубанага? – не стала хаваць здзіўлення жанчына. – Там жа гадоў дзесяць ніхто не жыве… Хат пяць засталося, рэшту пазабіралі. Зарасло ўсё…. Але выбачайце, калі вам трэба – даедзеце. Дажджоў не было, дарога добрая.
Генадзь не часта быў у розных вёсках, хіба што ў бабулі па маці, ды яшчэ праязджаў міма на машыне. Можа, таму тое, што ён пабачыў, змусіла яго вымкнуць музыку ў салоне.
Тут нельга было гаварыць гучна. Тут нельга было гаварыць наагул. Бо тут жыла смерць.
Перш падалося, што проста пачаўся нейкі лясок, з самотнымі высачэзнымі дрэвамі ды густым хмызняком. Але раптам у прагале між дзвюма вялізнымі ліпамі Генадзь пабачыў шэрую сцяну будынка з круглых бярвёнаў. Квадраты чорных дзірак без аконных пераплётаў. Кроквы, як косткі, замест даху, а разам усё – як аб’едзены труп нейкай пачварыны.
Генадзь прытармазіў, выйшаў з машыны. Разгледзеўся. Як выявілася, ён ужо колькі часу едзе вясковай вуліцай. Так, вуліца: шырокая некалі, якую станавілі два шэрагі хат абапал.
Дарога ледзь адгадвалася далей – па тым, што ў колішніх каляінах трава была ніжэй.
Буяла зеляніца. Высокія дрэвы, што раней стаялі ля платоў і веснічак, цяпер былі аточаныя маладняком.