ТОП просматриваемых книг сайта:
Праклён. Валеры Гапееў
Читать онлайн.Название Праклён
Год выпуска 2013
isbn 978-985-7021-17-8
Автор произведения Валеры Гапееў
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Зноў казытнула: вось, не было ж дамоўлена напачатку, што Генадзь павінен адказваць на тыя каментары… Але ён змаўчаў – той факт, што ён не памыліўся з ацэнкай свайго артыкула, грэў самалюбства. Дык і праўда ж цікава: што будуць казаць тыя вучоныя дзядзькі на яго з’едлівы сцёб?
Генадзь адправіў нумар партманета, пераказ быў зроблены адразу ж: 150 даляраў. Прыемная сума! Але… пераказ быў з пратэкцыяй коду. Генадзь раптам адчуў у сабе халодную пустэчу: няўжо кідок? Не можа быць! Ён хацеў пісаць заказцы, калі пабачыў: прыйшоў ліст.
“Выбачайце, тэрміновае тэлефанаванне было, таму не адразу паведаміў код пратэкцыі. Вось ён… Дарэчы, неразумна з Вашага боку хваліцца на ўвесь свет такім медальёнам.”
Сэрца быццам спынілася, а потым затахкала так, што ўдары яго адчуваліся кожнай кропкай цела. Генадзь глядзеў на літары на маніторы, і адна думка білася, звінела ў ягонай галаве кароткім гукам: “Знак… Знак… Гэта знак!”
Частка 3
1
Алесь Лобач добра ўсвядоміў, што непрыемнасці здараюцца заўсёды нечакана. І прывучыў сябе, здавалася, прымаць іх годна, прынамсі трымацца і не дазваляць свайму параненаму нутру праяўляць сябе праз вонкі. Аднак ва ўсім бывае вынятак, іначай правіла перастае быць правілам. Так здарылася і ў панядзелак, дзень, які зранку яшчэ поўніўся суботнім рыбацтвам ды нядзельным баўленнем са злоўленай рыбай, дзень, у якім яшчэ звінела камарэча і паплавок на тонкіх хвальках гойдаўся, і рукі памяталі слізкае срэбра рыбы.
Гэта было несправядліва – менавіта ў такі ранак даведацца, што фінансаванне палявых работ скарацілі не на траціну, не на палову, а аж на дзве траціны.
– Штогод усё меней і меней першакурснікаў, якія шчыра гатовыя ўзяць удзел у палявых работах. Іх збіраеш, іх натхняеш і абяцаеш ім сустрэчу з сапраўдным. Трэба бачыць і разумець, як балюча сустракаць пасля ўсіх размоў пустыя вочы, а больш такія, у якіх напісана: “Ідзі сам, калі дурны!”. Няма ў вас грошай? Дык дазвольце нам самым сябе прафінансаваць! Нельга! Мне што, сапраўды на лета напісаць мэту работ: “Шуканне сведчанняў пра роднасць суседніх народаў на базе народных прымавак і прыказак пра хлеб, радзіму і Сталіна”?
– Дык жа трэба будзе справаздачу пісаць, а потым яе надрукаваць папросяць… у якім папулярным выданні.
– Затое Алесь Паўлавіч стане адным з найбольш цытаваных этнографаў у ідэолагаў раённага роўню.
Лобач толькі роспачна махнуў рукою на рэплікі калег. Штогод фінансаванне скарачалася ад запланаванага, але каб нагэтулькі, каб вось так, каб у апошні літаральна дзень – такога даўно не было. І выйсця не было: трэба скарачаць колькасць студэнтаў, колькасць дзён, мяняць маршрут…
Тут і ўспомніўся ўчорашні выпадак на рыбе, і рыхтык цаглінка легла ў сцяну, якой якраз і не ставала. Што ўжо хаваць – чакаў Лобач непрыемнасці,