ТОП просматриваемых книг сайта:
Кніга пра Нішто (зборнік). Валянцін Акудовіч
Читать онлайн.Название Кніга пра Нішто (зборнік)
Год выпуска 2012
isbn 978-985-6991-92-2
Автор произведения Валянцін Акудовіч
Жанр Философия
Серия Collegium Sarmaticum
Издательство Электронная книгарня
Аднак пасля таго, як Дэкарт сфармуляваў сваё cogito, ergo sum, уся ўмоўнасць раўнавагі паміж ірацыянальным і рацыянальным сталася відавочнай. Хаця фармальна Дэкарт не супрацьпастаўляў «Я мыслю і таму існую» ранейшаму:
«Я прамаўляю[2]… (да Бога) і таму існую», бо меў намер не адпрэчыць, а толькі памысліць Бога з той жа мерай рацыянальнасці, што і ўсялякі іншы cуб’ект, але фактычна гэтай формулай ён паставіў пад сумнеў магчымасці Словабога быць універсальным Адказам на ўсе «апошнія» запытанні чалавека, паколькі Адказ цяпер чакаўся ўжо не ад Бога, а ад чалавека, які сам мысліць і ў акце свайго мыслення адкрывае тое, праз што існаванне апазнаецца як быццё існага, а значыць, цяпер чалавек сам сабою стаецца тым, што можна назваць ісцінай быцця.
Рашуча высунутае наперад усяго (і Бога) «Я» чалавека засведчыла, што ў сітуацыі дэсакралізацыі Тэкста чалавек ужо быў патэнцыйна гатовы сам, непасрэдна, не дзелячыся ні з кім сваім прадстаўніцтвам, прадстаўляць перад сабой самога сябе ў значэнні ісціны быцця. І гарантам гэтага ганаровага права, гэтай самадастатковасці самога сябе, гэтага апраўдання сэнсу свайго самаіснавання сталася не што іншае, як «я мыслю…»
Я сам мыслю, я сам існую, я сам – бог. Толькі не будзем «я сам» атаясамліваць з індывідуальным, персаналізаваным чалавекам. Альтэрнатывай Словабогу стаўся не чалавек як я-чалавек, а чалавек як суб’ект (гэтым актам праблема я-чалавека была зноў на нейкі час мінімізаваная, бо патэнцыя пытання «хто я?» утаймавалася ў адказе, сфармуляваным рацыяналістычным мысленнем: ты – суб’ект).
Ідэя суб’ектнасці я-чалавека анталагічна паходзіць з ідэі суб’ектнасці Бога. Суб’ект – гэта тое, што мае прычыну самога сябе ў самім сабе і паўстае з гэтага самім сабой, усведамляючы сябе сабой і маючы на мэце самога сябе як ісціну сябебыцця.
Бог, безумоўна, суб’ект. А вось чалавек, суб’ектызаваўшы сябе, надаў свайму «я» значэнне, якое яно не мела і не магло мець, паколькі «я» не само з сябе паходзіць і не сабе належыць. Прабачыць чалавека можна хіба адно тым, што ў прасторы а-рэальнасці тое, што мысліць, само стварае сябе са свайго акта мыслення, а значыць, у гэтым чыне прыпадабняецца (але не болей) да суб’екта.
Суб’ектывізацыя я-чалавека стаецца яскравым прыкладам таго, што напрыканцы эры Тэксту чалавек пачаў татальна перасоўвацца сваім быццём з прасторы рэальнага ў прастору а-рэальнасці ці, інакш, а-рэальніваць прастору рэальнасці і займаць там, на правах суб’екта, цэнтрапалеглае месца, браць на сябе значэнне трансцэндэнтнага Бога.
Ад суб’екта да дыскурсу
Панаванне суб’екта ў рацыянальна асэнсаванай прасторы Новай пары лішне не задоўжылася. Не паспеў суб’ект увабрацца ў сілу, як Шапэнгаўэр выбавіў з утоенасці магутную плынь волі да жыцця – і суб’ект заскакаў на яе хвалях бессэнсоўна і бездапаможна.
Выявіўшы ў прычыне існавання існага гэтую, у канец дэперсаналізаваную, плынь энергіі,
2
Прамаўляю – гэта значыць моўлю з верай. Чалавек у той ці іншай меры заўсёды мысліў, але ў хрысціянскую эпоху (умоўна – да Дэкарта) гэтае мысленне было аформленае як маўленне да Бога, як прамаўленне Богу свайго сведчання веры ў Бога. У мысленні акцэнтавалася менавіта слова (да Бога), а не само мысленне.