ТОП просматриваемых книг сайта:
Кніга пра Нішто (зборнік). Валянцін Акудовіч
Читать онлайн.Название Кніга пра Нішто (зборнік)
Год выпуска 2012
isbn 978-985-6991-92-2
Автор произведения Валянцін Акудовіч
Жанр Философия
Серия Collegium Sarmaticum
Издательство Электронная книгарня
Карацей кажучы, далейшае пашырэнне дыскурсаў праблемы мне не ўяўляецца мэтазгодным. Незалежна ад колькасці прааналізаваных вымярэнняў я-чалавека ў бытнаванні існага, навідавоку выніку, пэўна, застанецца адно і тое самае – адсутнасць хоць якога пазітыўнага адказу на самае прагнае чалавечае запытанне: хто я, чалавек? (і адсюль: навошта, дзеля чаго я, чалавек?) Верагодна, нямогласцю чалавека перад праблемай самога сябе тлумачыцца як досыць позняя актуалізацыя гэтай праблемы ў рэфлексіўным досведзе, так і тое, што калі потым яна раз-пораз максімалізавалася, дык звычайна ненадоўга і без якіх-кольвек істотных здабыткаў на карысць яе вырашэння. З апошняга можна зрабіць дадатную выснову, што адказ на сакральныя запытанні пра я-чалавека месціцца (калі месціцца хоць дзе) за межамі магчымасцяў чалавечага розуму. Ва ўсялякім іншым выпадку адказ неяк перагукнуўся б з веданнем чалавека пра сваё што.
Дарэчы, амаль напэўна, што феномен веры сфармаваўся (акрамя ўсяго іншага) вось і з гэтай нямогласці чалавечага розуму, які, як ні напінаўся, не змог зразумець сэнс я-чалавека ні з падтэксту самога чалавека, ні з кантэксту бытнавання існага.
Бог – гэта татальная параза розуму. Ён – межавы камень, які пазначае апошнюю магчымасць мыслення, тую скрань, за якой чалавечаму розуму не дадзена перарушыць. І тут – пачатак імперыі веры…
Вера – гэта быццё без адказу на пытанне пра сэнс я-чалавека, дакладней, быццё без пытання, бо наяўнасць Бога ёсць універсальным адказам на ўсе верагодна-магчымыя запытанні, і сакральныя гэтаксама.
Аднак ёсць нешта ў чалавеку (ці нечага не дадалося веры?), што замінае яму канчаткова задаволіцца быццём без пытання пра сябе ў быцці. Час ад часу гэтае «нешта» пачынае смылець, і тады зноў чуецца нязбыўнае: хто я?
Аблуда сэнсу жыцця
Уласна, пытанне «хто я?» паклікаецца з моўкнасці досыць рэдка, звычайна яно застаецца ўтоеным у праблеме сэнсу жыцця, як у сваёй кідкай агортцы, якая для прафаннай свядомасці выдае сябе за займеннік сакральнага «хто я»?
Падмена пытання «хто я?» праблемай сэнсу жыцця верагодна паходзіць з нястрымнага жадання я-чалавека зразумець калі не сакральнае «хто я?», дык хаця б яго прафаннае алібі, прытоенае ў суплёце ідэальных універсаліяў ці, зніжана, сярод этычных, сацыяльных ды пабытовых імператываў.
Аднак у сюжэце стасункаў паміж «хто я?» і сэнсам жыцця, здаецца, прыхаваная зусім іншая ад той, што бачыцца на першы погляд, фабула. Пазней мы яе паспрабуем разгарнуць, а пакуль толькі зазначым, што, магчыма, тое, дзеля чаго жыве я-чалавек (сэнс жыцця) і ёсць тым, хто жыве дзеля гэтага. (Пра нешта падобнае ёсць згадка ў Святым Дабравесці паводле Матвея:
«Дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае».)
Хаця пачнем мы, як быццам, нават з адваротнага…
У досведзе чалавека няма хоць колькі-небудзь пераканаўчых аргументаў на карысць таго, што персаналізаванае існаванне мае нешта, што неўнікова сведчыла б на карысць нейкага