ТОП просматриваемых книг сайта:
Кніга пра Нішто (зборнік). Валянцін Акудовіч
Читать онлайн.Название Кніга пра Нішто (зборнік)
Год выпуска 2012
isbn 978-985-6991-92-2
Автор произведения Валянцін Акудовіч
Жанр Философия
Серия Collegium Sarmaticum
Издательство Электронная книгарня
Вымкнуты Міфам з магмы вітальнасці, я-чалавек усяго толькі выконваў у целе Міфу справу ферменту, якім гэтае цела ініцыявала працэсы свайго росту. Але, разам з тым, менавіта з гэтай прыкладной функцыі і пачалася гісторыя чалавека як нечага, што ёсць не толькі як ёсць, а ёсць як павінна быць, бо ўжо было раней, чаму сведчаннем Міф пра гэтае было.
Татэмны чалавек не ведаў іншых праекцыяў часу акрамя су-часнасці, ён увесь адбываўся ў кантынууме ёсць. Міф сфармаваў у прасторы а-рэальнасці было як дадатковую да ёсць форму рэальнасці і тым самым шматкроць павялічыў прастору бытнавання я-чалавека.
Аднак папярэдняе вымагае ўдакладнення: хаця татэмны чалавек меў адно часовае вымярэнне (ёсць), ён заставаўся вылучна чыннікам прасторы, бо ёсць у адсутнасці апазыцыі было і будзе хавалася ўтоеным ад чалавека і не апазнавалася з самога сябе як тое, што маецца ў наяўным часе (мае ўласны час). Міфалагічны чалавек, намацаўшы было, разам крануў утоенае ёсць і гэтым унаявіў для сябе час як новую форму рэальнасці. Але – зноў жа ўдакладнім – час, які міфалагічны чалавек дадаў да татэмнай прасторы, выглядаў яшчэ не як уласна час, а як панятак паўторнасці і, тым самым, множнасці таго, што адбываецца ў прасторы рэальнасці. З гэтага і пэўны прастора-часавы сінкрэтызм міфалагічнага чалавека, які пераадолеецца адно са з’яўленнем Тэксту, што раскладзе змест прысутнасці чалавека ў быцці на дзве разлогі: час і прастору.
Эра тэксту
Міф ведаў час як прасторава-паслядоўную множнасць адной тойсамай падзеі – Тэкст пераняў у Міфа сюжэт множнасці, але пераніцаваў яго ў множнасць бясконца розных падзеяў, якія апазнаюцца не адно ў наяўнасці ёсць-цяпер, але і рэтраспектыўна, у наяўнасці былі да таго, як сталася ёсць.
Тэкст, зафіксаваўшы прастору было, вылучыў ідэю часу як а-рэальную і ў сваёй а-рэальнасці цалкам самадастатковую праекцыю быцця існага, з чаго на месцы статычнай а-рэальнасці Міфу паўстала дынамічная а-рэальнасць Часу, і гэтая перамена дазволіла павялічыць аб’ём быцця да той меры, якая ўжо змясціла ў сабе і адзінкавае вымярэнне персаналізаванага чалавека.
Тэкст – прарадзіма персанальнага чалавека.