Скачать книгу

няможна ж пры дзіцёнку такое паказваць!” І стала тыцкаць пальцам у мяне, дваццаціпяцігадовага.

      Дзядзюля, гэты шматмудры пячкур, таксама аднойчы даў пудла, бо цэлыя два тыдні зусім не хаваў эмоцыяў. Гэта здарылася ў канцы 1989-га. Дзядзюля надта перажываў за румынаў, якія сіліліся зрынуць (і ўрэшце зрынулі) дыктатара Нікалаэ Чаўшэску. Румынская рэвалюцыя выбухнула ўсяго на тыдзень, але на ўвесь гэты час Дзядзюлю апанавала нечуваная ўзрушанасць. І без таго аматар дысідэнцкіх “галасоў”, які жыць не мог без “Бі-Бі-Сі” і радыё “Свабода”, Дзядзюля цяпер увогуле зрабіўся навіновым наркаманам. Глытаў звесткі з Румыніі штодня нашча ды пасля яды, сем-восем разоў на дзень.

      Гэтымі запойнымі днямі Дзядзюля панадзіўся хадзіць да Бабагруні з Бабарозай у госці. Запыханы, не раўнуючы пасланец з Марафонскай бітвы, ён прыносіў на Чкалава апошнія зводкі з полю бою. Разгортваў перад слухачкамі палатно тымішаарскага паўстання. Дакладаў пра рухі паўстанцкага войска і перасоўванні сіл камуністаў і дзяржбяспекі.

      (“Госпадзе, як я ненавідзела гэтыя камуняцкія рылы, гэтага Чаўшэску і яго жонку Элену – табе не перадаць! – мімохадзь каментуе Роні. – І як мяне раздражнялі бацькавы словы: “Перажылі фашыстаў, перажывем і камуняк”. Тут Роні ўпершыню за маёй памяццю прамаўляе па-румынску. А дакладней, брудна лаецца).

      …Назіраць усю гэтую расчуленасць ад румынскіх падзеяў у Дзядзюлі, ці не самага адданага чальца змрочна-стрыманага ордэна, было вельмі дзіўна. Ясная рэч – Тыя, Хто Самі Ўсё Разумеюць, любую ўладу ненавідзяць. Аднак, па-першае, ненавідзяць так, як чалавек ненавідзіць кепскае надвор’е або цялесную хібу: маўляў, непагадзь і калецтва, вядома, брыда брыдою, але нічога не паробіш, нягледзячы на іх, трэба далей век векаваць. Па-другое, паводле аднаго з ордэнскіх пастулатаў, ніякую ўладу, а пагатоў тутэйшую (а гэта пацвярджае наш шматвекавы досвед) няможна ані памяняць, ані зрынуць, ані пераабраць. Па-трэцяе, кесару – кесарава, а слесару – слесарава. Як выказаўся аднойчы зазвычай маўклівы і памяркоўны Дзедбарыс:

      – А ты б, Ігароша, хацеў апынуцца на месцы Гарбачова? Калі табе – і не каму іншаму – у патыліцу дыхалі і нагорна-карабахскі канфлікт, і мільён незадаволеных сухім законам? Ці хацеў бы ты не спаць ноччу ад экстранных паведамленняў шэфа КДБ, га? Браць грэх на душу і збройна разганяць мірныя дэманстрацыі ў Літве? Штодня ў крамлёўскіх кабінетах звівацца, як сам ведаеш хто ў бочцы сам ведаеш з чым?

      Не даўшы мне і пальца ўсунуць, Дзедбарыс тады адразу сам на свае рытарычныя пытанні і адрэагаваў:

      – Вось і выходзіць, што ніхто іншы з нармальных людзей, а не з гэтых яйцакрутаў, не хоча быць прэзідэнтам.

      Дзякуючы румынскаму паўстанню на якія два тыдні Дзядзюля забыўся на закарэлую ад даўніны варажнечу з Бабарозай. Цяпер, пасля столькіх гадоў разводу і разладу з былой жонкай Бабагруняй, ён наважыўся завітаць да яе і былой цешчы Бабарозы ў брэжнеўку на Чкалава. Радасны і самаіранічны, Дзядзюля зусім ужо пасябраваў з Дзедлёнем, другім мужам Бабагруні,

Скачать книгу