Скачать книгу

часам мы выходзілі з Верхняга горада. Справа марозна бялеў снегавымі вежамі Пішчалаўскі замак, перароблены ў турму. Злева пад пышнай абалонкай Рускага тэатра трапятала хрыбціна Харальнай сінагогі. Наперадзе надзіў агнямі праспект Леніна, ён жа праспект Сталіна, ён жа Гаўптштрасэ, ён жа вуліца Міцкевіча, ён жа вуліца Захар’еўская.

      – Тут жа ж з гістарычнага гледзішча, Ігаль, проста голае поле! – працягваў жаліцца Дзядзюля. – Дзіч і пустка. Ажно дзіўна робіцца, як такое можа быць пасярод шчыльнага і багатага на падзеі еўрапейскага гушчару… Ну, ты сам усё разумееш…”

      Мы міналі “Чабурэчную” на Валадарскага, 9, на паўдарогі паміж турмамі “валадаркаю” і “амерыканкай”. У гэтым будынку на трэцім паверсе ў 1918 абвесцілі Беларускую Народную Рэспубліку, а трошкі пазней, у канцы саракавых, тут, у рэстаране “Рэстаран”, на першым паверсе мыла падлогу цешча Дзядзюлі Бабароза. Мы міналі ганак “Чабурэчнай”, па якім Бабарозу ў 1951 годзе выводзілі ў кайданках. Я прасіў Дзядзюлю апавесці яшчэ раз, як за крадзеж, сістэматычныя прыпіскі і падробку накладных дырэктарку рэстарана і Бабарозу, звычайную прыбіральніцу, прыехалі арыштоўваць ажно сем чалавек аператыўнікаў у цывільным. І як, калі яны зайшлі ў залу, дык усе наведнікі, якія абедалі там, падумалі, што прыйшлі арыштоўваць менавіта іх. І як адусюль пачуўся бразгат відэльцаў аб падлогу і пабітага посуду, бо адначасна на ногі пападскокваў цэлы рэстаран, уключна з супрацоўнікамі дзяржбяспекі і міліцыі, якія тут раз-пораз харчаваліся, бо побач былі будынкі МДБ і МУС, а яны сюды хадзілі, бо ім час ад часу надакучвалі іхнія ведамасныя сталоўкі. І як праз некалькі хвілін Бабарозу і дырэктарку правялі па рэстаране ў кайданках, а ўсе наведнікі амаль не хаваючыся заўсміхаліся, бо ўрэшце арыштавалі не іх. Ішла таксама і ўсміхалася Бабароза. Яе ўзялі як раскрадальніцу сацыялістычнай маёмасці, а не як жонку ворага народа, нямецкага калабаранта Дзедвасілія. Цяпер яна была лагодная і амаль шчаслівая. Ёй больш не давядзецца трэсціся ад любога званка ў дзверы, і максімум, што ёй свеціць – два гады турмы агульнага (чытай – курортнага) рэжыму ў калоніі.

* * *

      План належаў Роні. Яна так і сказала – The Plan, Той Самы План. Агучыла яна яго падчас другой сустрэчы, у Берліне.

      Тады ў нашай мілоснай гісторыі ўжо адгрымела бура знаёмства ў Кішынёве, дзе мы даволі так безапеляцыйна ўлялюшчыліся. Быў у нашым актыве таксама адзін, як па шчырасці, дык крываваты пацалунак.

      У тую пару я ездзіў паўсюль, ад Лісабона да Тбілісі. Самая сярэдзіна 2000-х. Еўрасаюз ладзіў бясконцыя канферэнцыі і майстар-класы для культурных актывістаў памежных краін. У паездкі па Еўропе мяне прыстроіла знаёмая, дырэктарка адной прыватнай менскай галерэі. Яна не была маёй пацыенткай. Аднак, наслухаўшыся гісторыяў пра Бабарозу, тая знаёмая часцяком бажылася, што калі нашыя прыйдуць да ўлады і яна зробіцца міністаркай культуры, дык абавязкова ўнясе “Комплекс Персея”, мой псіхааналітычны метад лекаваць пацыентаў з дапамогай

Скачать книгу