Скачать книгу

на год тэлефанавала, і як нічога ніякага запрашала былога і зненавіднага зяця на дзень народзінаў. А ён? Як ніяк-нідзе прымаў ласку – прыбываў задыханы, расчырванелы, з бутэлькай віна пад пахай.

      У Бабарозы і Бабагруні, яе дачкі, дні нараджэння побач: дванаццатага і чатырнаццатага траўня. Але от хоць ты што, а трэба наведаць абодва, цалкам асобныя і незалежныя адно ад аднаго мерапрыемствы ў іх кватэры на Чкалава. Абедзве ўрачыстасці святкуюцца найдасканалейшым чынам, поўным наборам: гарачае і салодкае, селядзец пад буракамі і мяса па-французску.

      Бацька, схаваны апанент Бабарозінага рэжыму, яшчэ дома змагаючыся з гальштукам і запінкамі, мітусіўся і казаў, што больш ніколі не прыйдзе на гэты “старпёрскі ідзьяцізм”, дзе яму і ягонаму сыну адведзена роля бездапаможных ахвяраў, фактычна стравы, наколатай на вострыя шпажкі, якую падаюць на дэсерт. Гэта бацька меў на ўвазе той момант, калі пры канцы вячэры бабулі і дзяды дружна паварочвалі галовы ў наш бок і саладжавымі галасамі пачыналі нібыта прыветна, але насамрэч па-міліцэйску ўчэпіста і каверзна, дапытваць мяне і бацьку наконт спраў у школе і на працы. Аднак, нягледзячы на бурчэнні, бацька як штых з’яўляўся на кожным мерапрыемстве са мною пад пахамі і шырокай усмешкай на твары.

      …Вось яны, бабулі і дзяды. Пакуль усе жывыя. Бабароза, мая прабабка, сваімі чырвонымі, як буракі, пазногцямі лупіць праўнуку мандарынку. Далей яе дочкі, пухка-рамантычная Бабагруня і яе малодшая сястра, мужаненавісніца Бабанадзя, перакананая векавуха. Абедзве адстаронена перацца ў акно – кожная па сваіх прычынах. Паміж імі Дзедлёня, другі муж Бабагруні, пасёрбвае моцную гарбату, свой любовегонны чыфір. У галаве стала – былы муж Бабагруні, герой-палюбоўнік Дзядзюля горача шэпчацца са сваёй пятай жонкай, сухенькай чарнявай Бабафаняй. Далей – Бабаманя, маці майго бацькі Андрэя, не стрымліваецца, робіць глытальныя рухі, гледзячы на полчышчы талерак і місаў. Дзедбарыс, яе муж, з вечнай дурнавата-мройлівай усмешкай на твары моўчкі жуе хлеб. Мама і бацька, Галя і Андрэй, нудзяцца, па-школьніцку склаўшы рукі пад сталом.

      На сваіх зборышчах бабулі і дзяды гаварылі пра разважнасць, шаленства і дуроту. Найбольш палка гаварылі пра апошнія дзве якасці – чужыя, каб незаўважна, як бы мімохадзь выпнуць, падкрэсліць першую – уласную. Гісторыі заўсёды мелі мараль, рознай ступені прыхаванасці, маўляў, чарка давядзе да капца, а балбатліваць – да турэмных нараў. Слухаючы ж іншых, бабулі і дзяды па-змоўніцку падтаквалі апавядальніку. Шматмудра ківалі.

      Аднак самому апавядальніку ўхвалы прысутных падавалася замала, і тады чарговую гісторыю ён заканцоўваў крышталёвай фразай, маральным імператывам. Здаецца, выпакутаваным падсумаваннем. Гэтая фраза прамаўлялася з паўзамі, прачулым, пранікнёным голасам: “Ну, вы самі ўсё разумееце…”, “… Ну, ты сам усё разумееш!..”

      – Перабудова? Галоснасць? Новае мысленне? Гэта ўсё для ідзьётаў, Грунечка Васілеўна! Знарок гэтыя яйцакруты абвесцілі галоснасць, каб гэтым разам ужо на пэўню выявіць усіх непрыяцеляў савецкай улады. Ды пасля цішком-нішком іх, у ляску пад Менскам, як у трыццаць

Скачать книгу