ТОП просматриваемых книг сайта:
Дэманы доктара Глінскага. Сяргей Егарэйчанка
Читать онлайн.Название Дэманы доктара Глінскага
Год выпуска 2019
isbn 978-985-7210-08-4
Автор произведения Сяргей Егарэйчанка
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– Так, сапраўды. Як кажуць пілоты, удалай пасадкай лічыцца тая, з якой ты можаш сысці сваімі нагамі… Зрэшты, мы яшчэ не селі, так што расслабляцца рана.
– А вы, я гляджу, аптыміст. Як спалася?
– Выдатна. Я нават адчуваю сябе бадзёрым, а гэтага эфекту вельмі цяжка дасягнуць у крэсле самалёта. А вы так і не паспалі?
– Ніколі не спаў у самалёце. Не магу. Падзяліцеся сваім метадам, раптам мне спатрэбіцца.
– Я магу параіць вам пэўную літаратуру, якая вам дапаможа. А ў цэлым, усё досыць проста. Трэба ўмець правільна дыхаць і цалкам адключаць свае думкі, не пакідаючы ў свядомасці нічога, акрамя пустэчы.
– Гэта як?
– У кожнага свае спосабы. Мне асабіста дапамагае прадстаўляць, што я кірую сваёй свядомасцю, як пілот кіруе самалётам: я магу шчоўкнуць спецыяльным тумблерам, і запальванне выключыцца. Адзін шчаўчок – і свет вакол знікае. Але гэтаму трэба вучыцца і трэніраваць свае здольнасці. Перад сном паспрабуйце цалкам супакоіць і розум, і цела, глыбока дыхайце, думайце пра што-небудзь прыемнае і ненавязлівае. Разважайце пра тое, што вы хацелі б убачыць у сне. А потым, калі падрыхтуеце сябе, уявіце гэты самы тумблер і зрабіце з ім тое, што павінны зрабіць. Адразу, хачу папярэдзіць: ні з першага разу, ні з другога ў вас, хутчэй за ўсё, не атрымаецца. Так трэба рабіць кожны раз перад сном на працягу месяца, двух або больш – у кожнага па-свойму. Аднак рана ці позна гэта ўвойдзе ў звычку, і, каб спакойна заснуць, вам не давядзецца нават рыхтаваць сябе да гэтага – будзе дастаткова шчоўкнуць тумблерам. У вас ёсць візітоўка? Я адправіў бы вам штосьці пачытаць па гэтай тэме.
Я дастаў з кішэні візітоўніцу і ўручыў Гору картку.
– Ці магу я, у сваю чаргу, атрымаць вашу візітоўку?
Араб відавочна збянтэжыўся.
– Прабачце, Якуб, я раздаў у Нью-Ёрку ўсе свае запасы. Але, калі хочаце, я дашлю свае каардынаты ў лісце са спасылкамі.
– Буду ўдзячны.
Па салоне ў апошні раз прайшлі сцюардэсы, правяраючы зашпіленыя рамяні, узнятыя столікі і шторкі ілюмінатараў. Неўзабаве яны таксама занялі свае месцы і прышпіліліся. Да пасадкі заставалася некалькі хвілін.
Я з цікавасцю глядзеў у ілюмінатар.
Я шмат разоў бываў у Вене.
Мне не вельмі падабаўся гэты горад. Я не любіў пампезную архітэктуру імперскіх гарадоў. Гэта тычылася не толькі Вены, але і Лондана, Масквы, Санкт-Пецярбурга і падобных ім. Куды больш мне былі па душы маленькія сярэднявечныя гарады Еўропы або каланіяльная забудова Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Мала хто згаджаўся з маім меркаваннем, але я і не настойваў.
Сёння, зрэшты, мне не трэба было ацэньваць прыгажосць горада. Я не збіраўся пакідаць межы аэрапорта.
Як і на ўзлёце, Гор закрыў вочы і ўчапіўся рукамі ў падлакотнікі. Я ж наадварот адчуваў сябе цалкам нядрэнна і назіраў за тым, як імкліва набліжаецца зямля. Спераду вынырнуў бетон пасадачнай паласы, і праз пару секунд прагучаў удар, які абвяшчаў пра дотык шасі. Зароў рэверс рухавікоў, як быццам салон на некаторы час апынуўся ў